wd wp Пошук:

Арбанасі

Арбанасі (балг.: Арбанаси) — вёска ў Балгарыі. Знаходзіцца ў Велікатырнаўскай вобласці, уваходзіць у абшчыну Вяліка-Тырнава. Насельніцтва складае 331 чалавек. Плошча — 11,881 км²[1]. Знаходзіцца ў 197 км на ўсход ад Сафіі[1].

Від на вёску Арабанасі

Гісторыя і славутасці

Вёска была заснавана ў XV ст. албанцамі з Паўднёвага Эпіра, якіх высялілі сюды турэцкія ўлады з-за іх частых паўстанняў. Адсюль і назва вёскі — Арабанасі: так у Сярэднія вякі называлі албанцаў візантыйскія географы і гісторыкі.

У 1538 годзе султан Сулейман Пышны падарыў вёску свайму зяцю Рустэму Пашы, пасля смерці якога яна перайшла ў рукі яго спадчыннікаў. У сувязі з гэтым, толькі мясцовы феадал меў права збіраць тут падаткі і судзіць мясцовых жыхароў. Так вёска была вызвалена ад спусташальных падаткаў на карысць цэнтралізаванай дзяржаўнай улады Асманскай імперыі, яе жыхары маглі займацца даходнымі рамёствамі і гандлем, а таксама мелі прывілегію бяспошлінна гандляваць сваімі вырабамі па ўсёй тэрыторыі Асманскай імперыі. У XVII стагоддзі тавары арабанасійскіх гандляроў былі вядомымі далёка за межамі Балгарыі: на рынках Расіі, Польшчы, Венгрыі, Італіі, і нават Персіі і Індыі.

Нядзіўна, што ў вёсцы ў тыя гады бало шмат заможных гандляроў і рамеснікаў, якія вялі вялікае будаўніцтва і маглі выдаткоўваць вялізныя сродкі на абсталяванне і упрыгожванне свайго жытла.

Тыповы арбанаскі дом

Гэтыя дамы і з’яўляюцца адной з асноўных славутасцей вёскі. Дом звычайна знаходзіцца ў глыбіні прасторнага двара за масіўнай драўлянай брамай, абітай жалезам.

Самі каменныя дамы нагадваюць непрыступныя крэпасці — з агароджамі 2-2,5 метра, з вялікімі сутарэннямі, таўшчыня сцен якіх дасягае 1 м, каванымі рашоткамі на вокнах, з тайнікамі ў якія можна пранікнуць праз замаскіраваныя ў глыбокіх скляпеністых нішах хады. У сутарэнні звычайна размяшчаліся склады і гаспадарчыя памяшканні. Лествіца — знешняя ці ўнутранная — вядзе на крытую тэрасу, якая паступова пераходзіць у закрыты салон. Пол выстланы тэракотавымі пліткамі. Памяшканні прасторныя, з яўна размежаванымі функцыямі — прадстаўнічыя, жылыя, гаспадарчыя, санітарныя. Дзверы, сценныя шафы, столі, печы шчодра ўпрыгожаны. З 80 захаваўшыхся дамоў 36 з’яўляюцца нацыянальнымі помнікамі культуры.

Знешні выгляд царквы Раства Хрыстова
Унутраннае убранне царквы Раства Хрыстова

Нацыянальнымі помнікамі культуры з’яўляюцца пяць цэркваў у Арбанасі: Раства Хрыстова, св. Георгія, св. Атанаса, св. Архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла і св. Дзмітрыя.

Асабліва цікавай з’яўляецца царква Раства Хрыстова, дакладная дата будаўніцтва якой невядома, але аб якой вядома, што ў 1637—1649 яна была пашырана і нанава распісана. Царква ўкапана ў зямлю, са схаванымі купаламі, без званіцы мае вельмі аскетычны выгляд. Але знутры яна з’яўляецца сапраўднай галерэяй. 3500 абразоў, якія належаць пэндзлю невядомых майстроў розных эпох поўнасцю пакрываюць яе сцены знутры. Біблейскія сцэны надзіва рэалістычныя. Тут, упершыню ў Балгарыі, адлюстравана «кола жыцця» чалавека — нараджэнне, дасягненне сталасці, старасць і смерць (у далейшым падобныя сцэны маляваліся Захарыем Зографам у Праабражэнскім и Бачкоўскім манастырах.

Манастыр св. Мікалая ў Арбанасі

Акрамя таго, у вёсцы захаваліся два манастыры.

У сяле да 1760-х гадоў жылі продкі вялікага балгарскага і рускага педагога і асветніка XIX ст. Тодара Мінкова па бацькоўскай і мацярынскай лініях.

Зноскі

  1. 1 2 Вёска Арбанаси \ Guide-Bulgaria.com

Спасылкі

Карты

Тэмы гэтай старонкі (6):
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Балгарыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0