Арагонская мова (idioma aragonés, luenga aragonesa) — гістарычная раманская мова іспанскай правінцыі Арагон. Раней лічылася дыялектам іспанскай, але сёння ўсё больш даследчыкаў разглядаюць яе як асобную мову.[1]
Да 1478 года арагонская мова ўжывалася як афіцыйная нароўні з каталонскай у каралеўстве Арагон. Пасля аб’яднання каралеўства з Кастыліяй пачала знікаць. У пачатку XX стагоддзя захавалася толькі ў вёсках на поўначы правінцыі. Час дыктатуры Франка стаў для гэтай мовы, як і для астатніх рэгіянальных моваў Іспаніі, цяжкім выпрабаваннем — яе фактычна забаранілі[2]. Наступствы для мовы былi амаль фатальнымі. Апошні перапіс паказаў, што на арагонскай, як на роднай мове, размаўляе каля 10 тысяч чалавек. Яшчэ каля 20 тысяч трошкі ведаюць яе ці ўжываюць як другую мову (гэта стала магчыма дзякуючы руху за выратаванне і развіццё мовы — так званы, «рух араганесiстаў»)[3].
Амаль кожная вёска на поўначы Арагона мае сваю гаворку. Гаворкі аб’ядноваюцца ў тры асноўныя дыялекты. Гэта ўскладняе стварэнне адзінага варыянта літаратурнай мовы.
Арагонская мова мае шмат адрозненняў ад іспанскай у фанетыцы і лексіцы. Некаторыя рысы паказваюць яе роднасць да каталонскай мовы і гасконскага дыялекта аксітанскай мовы.
У 1997 годзе ў парламенце Арагона быў прапанаваны праект Закона пра мовы з мэтай надаць арагонскай мове статус афіцыйнай. Праект яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы[4]. Арагонская мова ужываецца таксама ў літаратуры i музыцы. Выдадзена некалькі слоўнікаў. Таксама яна выкладаецца як прадмет у некаторых школах.
Вікіпедыя мае раздзел, напісаны