wd wp Пошук:

Антарктычная платформа

Антарктычная платформа — старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсходнюю частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На захадзе абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Плошча каля 8 мільёнаў км². Магутнасць зямной кары каля 40 км.

Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крыштальныя сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор.

Платформавы чахол пашыраны ў заходняй частцы (магутнасць 3000-4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на захадзе і аўлакагены на ўсходзе. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Кратоны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Геалогія Антарктыды