Анатоль Фёдаравіч Коні (руск.: Анато́лий Фёдорович Ко́ни; 28 студзеня (9 лютага) 1844, Санкт-Пецярбург — 17 верасня 1927, Ленінград) — рускі юрыст, суддзя, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, літаратар, судовы прамоўца, правадзейны тайны саветнік, член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі (1907—1917). Ганаровы акадэмік Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук па разрадзе прыгожага пісьменства (1900), доктар крымінальнага права Харкаўскага ўніверсітэта (1890), прафесар Петраградскага ўніверсітэта (1918—1922).
Аўтар твораў «На жыццёвым шляху», «Судовыя прамовы», «Бацькі і дзеці судовай рэформы», біяграфічнага нарысу «Фёдар Пятровіч Гааз», шматлікіх успамінаў пра калег і дзеячоў расійскай культуры.
У 1878 годзе суд прысяжных пад старшынствам А. Ф. Коні вынес апраўдальны прысуд па справе Веры Засуліч. Кіраваў расследаваннем многіх крымінальных спраў (напрыклад, пра крушэнне імператарскага цягніка, аб гібелі ўлетку 1894 года парахода «Уладзімір»).