У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Крот. Аляксандр Міхайлавіч Крот (нар. 5 верасня 1960, в. Гальшаны Ашмянскага раёна) — беларускі вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі, доктар тэхнічных навук (1991), прафесар (1997).
Скончыў Гальшанскую СШ (1977, залаты медаль), факультэт радыёфізікі і электронікі БДУ (1982). З 1982 года ў Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1993 года — загадчык лабараторыі мадэліравання самаарганізавальных сістэм інстытута. Прафесар кафедры БДУ і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). З 2008 года па 2016 год — прафесар кафедры матэматычнай фізікі БДУ.
Падрыхтаваў 8 кандыдатаў (тэхнічных навук, и фізіка-матэматычных) навук. Кіруе падрыхтоўкай аспірантаў, магістраў, дыпломнымі работамі студэнтаў. Лаўрэат прэмій Мінскага абласнога праўлення Саюза навуковых і інжынерных таварыстваў СССР у галіне навукі і тэхнікі (1987), камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1990). Аўтар 280 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій.