wd wp Пошук:

Аленскае выступленне сялян

Аленскае выступленне сялян 1880—1882 — адбылося ў в. Алень Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Магілёўскі раён) з мэтай пашырыць сваё землекарыстанне шляхам вяртання ўчасткаў, адрэзаных ад надзелаў у ходзе сялянскай рэформы 1861 г. Выклікана ростам малазямелля з прычыны натуральнага прыросту насельніцтва. На працягу 1870-х гадоў сяляне в. Алень неаднаразова звярталіся ва ўстановы па сялянскіх справах, да міністра ўнутраных спраў А. Я. Цімашава і імператара Аляксандра II з просьбай вярнуць ім усе землі, якімі яны карысталіся да адмены прыгоннага права. Аднак просьбы іх не былі задаволены.

Падзеі

Не дачакаўшыся дапамогі ад улад, сяляне ў 1880 г. знішчылі межавыя знакі і пачалі пасвіць жывёлу на спрэчных землях, якія ўваходзілі ў склад маёнтка, што належаў купцу Прасольнаму. У лютым 1881 г. сяляне перашкодзілі перавозцы сена з гэтых зямель у фальварак, учынілі парубку лесу, а ў красавіку і маі сілай не дапусцілі правядзення на спрэчных дзялянках сельскагаспадарчых работ і ўступілі ў сутычку з паліцыяй. У 1882 г., нягледзячы на процідзеянне паліцыі, яны скасілі луг Прасольнага і выказалі намер зжаць яго збожжа. Для ўхіхамірвання сялян 15 чэрвеня 1882 г. у вёску прыбыў магілёўскі губернатар А. С. Дамбавецкі, які запатрабаваў спыніць самавольныя дзеянні. Нягледзячы на пагрозу губернатара прымяніць сілу, сяляне, узначаленыя сваім аднавяскоўцам І. Філіпавым, які незадоўга да гэтага вярнуўся з войска, катэгарычна адмовіліся падпарадкавацца. На наступны дзень загадам губернатара ў вёску для задушэння выступлення былі ўведзены 2 роты салдат 62-га пяхотнага Суздальскага палка. Пад націскам узброенай сілы 14 жніўня на сходзе сяляне адмовіліся ад сваіх намераў і прасілі вывесці з вёскі вайсковую каманду. Але праз некалькі дзён радавы гэтай каманды Зічык, ураджэнец суседняй в. Цвёрдава, заклікаў сялян не ўступаць патрабаванням улад да яго вяртання з Пецярбурга, куды ён, самавольна пакінуўшы часць, накіраваўся, каб хадайнічаць за землякоў. У выніку многія жыхары в. Алень сышлі ў суседнія лясы і там хаваліся, чакаючы вяртання Зічыка. Толькі ў кастрычніку 1882 г. частка сялян спыніла супраціўленне і падпарадкавалася распараджэнням улад. Губернатар загадаў вывесці з вёскі адну роту салдаь, а другую пакінуць на поўным утрыманні сялян, што працягвалі праяўляць непакорнасць. У хуткім часе выступленне было канчаткова задушана.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Канфлікты 1881 года
Катэгорыя·Гісторыя Магілёўскага раёна
Катэгорыя·Акцыі пратэсту ў Беларусі
Катэгорыя·Канфлікты 1880 года
Катэгорыя·Паўстанні ў Расійскай імперыі
Катэгорыя·Канфлікты 1882 года
Катэгорыя·Алень (Магілёўскі раён)
Катэгорыя·1880-я ў Беларусі