Алафо́н фанемы (ад грэч.: allos іншы, розны і грэч.: phōnē гук), гук мовы, у якім праяўляецца (рэалізуецца ў мове) фанема мовы.
У залежнасці ад фанетычнай пазіцыі фанема рэалізуецца рознымі алафонамі, але ў кожнай пазіцыі — толькі адным з іх; у адной і той жа фанетычнай пазіцыі алафоны ўзаемазамяняцца не могуць.
У кожнага алафона фанемы ёсць фанетычныя пастаянныя прыметы (іначай канстытутыўныя ці вызначальныя), паводле якіх гэтая фанема адрозніваецца ад іншых фанем.
Таксама ў кожнага алафона фанемы ёсць фанетычная пераменная прымета, паводле якой ён адрозніваецца ад іншых алафонаў гэтай самай фанемы.