Адам Дасюкевіч (5 чэрвеня 1911, в. Капцэвічы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобл. — 1 лістапада 1943, Паставы) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, педагог.
У 1933 скончыў Віленскую беларускую гімназію. Затым вучыўся ў Віленскім універсітэце, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Адзін з лідараў студэнцкага руху другой паловы 1930-х. У 1936-37 — намеснік старшыні БСС, сябра рэдкалегіі часопіса «Студэнцкая думка». У 1937-39 — старшыня БСС. З верасня 1936 да 1938 рэдактар газеты «Беларуская крыніца» — органа Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Неаднаразова трапляў пад суд за вострыя публікацыі газеты. 19.4.1938 асуджаны на 6 месяцаў турмы з адтэрміноўкай на 2 гады. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. 15.12.1939 атрымаў дыплом інжынера аграноміі. У 1940 віцэ-старшыня беларускай групы пры Літоўскім Чырвоным крыжы.
На пачатку фашысцкай акупацыі арыштаваны немцамі на Шаркаўшчыне паводле польскага даносу, але з дапамогай сваякоў вызвалены. Працаваў настаўнікам у мяст. Варапаева. З 1942 — старшыня Пастаўскага павета. Прымаў удзел у беларускім нацыянальным падполлі. Расстраляны немцамі за невыкананне іх загаду.