Абра́м Ма́ркавіч Бра́зер (25 студзеня 1892, Кішынёў, Бесарабская губерня — 1942, Мінск) — беларускі савецкі скульптар, графік і жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1940)[1].
Член Бесарабскага таварыства аматараў мастацтваў (Кішынёў, 1903—1916), Яўрэйскага таварыства заахвочвання мастацтваў (Петраград, 1915—1919), Усебеларускага аб’яднання мастакоў (1927—1932), Рэвалюцыйнай арганізацыі майстроў Беларусі (РАМБ, 1929—1932), Беларускага саюза мастакоў (з 1940 года).
Нарадзіўся ў Кішынёве, дзе ў 1910 годзе скончыў мастацкае вучылішча[1]. У 1912—1916 гадах стажыраваўся ў Парыжы, жыў у знакамітым «Вуллі» (Ля руш)(руск.) бел., дзе зблізіўся з Маркам Шагалам, у 1912—1914 гадах вучыўся ў парыжскай Нацыянальнай школе вытанчаных мастацтваў[1].
Удзельнік выстаўкі «Асенні салон» у Парыжы ў 1913 годзе[1].
Па вяртанні ў Расію пасяліўся ў Петраградзе (1916—1918), прыняў удзел у выставе аб’яднання «Свет мастацтва» ў 1916 годзе. З 1918 года жыў у Віцебску, дзе граў прыкметную ролю ў мастацкім жыцці горада — выкладаў у толькі што адкрытай Вышэйшай школе мастацтваў, займаўся арганізацыяй выстаў, дыспутаў на тэмы сучаснага мастацтва, камплектацыяй Віцебскага музея сучаснага мастацтва, ствараў эскізы для святочных упрыгожванняў горада[1].
Аўтар помніка швейцарскаму педагогу І. Г. Песталоці ў Віцебску (1920, разбураны падчас бамбардзіровак). З 1922 года выкладаў у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце, аформіў спектаклі Яўрэйскага тэатра ў Віцебску. З 1923 года жыў у Мінску, уваходзіў ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў і Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі, пісаў артыкулы на тэмы выяўленчага мастацтва ў мясцовай прэсе.
Абрам Бразер стварыў скульптурны партрэт беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Гэты бюст упершыню быў паказаны на I Усебеларускай мастацкай выстаўке ў 1925 годзе. У аснову вобразу скульптар паклаў вядомы гравіраваны аўтапартрэт Скарыны з выдадзенай ім «Бібліі» [2].
Вялікая персанальная выстаўка Бразера адкрылася ў чэрвені 1941 года за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Усе працы мастака ў гэтай выставе былі знішчаны немцамі пасля захопу горада, а сам мастак з сям’ёй у сакавіку 1942 года расстраляны ў Мінскім гета.
Ацалелыя працы Бразера (партрэт Ю. М. Пэна, 1921; бюст С. М. Міхоэлса, 1926 і іншыя) захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ў Мінску. 2 ліпеня 1999 года ў Беларусі быў выпушчаны набор з чатырох паштовых марак, прысвечаных Віцебскай школе мастацтваў, на адной з іх намаляваны партрэт заснавальніка школы Юдаля Пэна працы Абрама Бразера.
Партрэт Ю. М. Пэна | Партрэт А. І. Анісімава | Янка Купала. Каля 1926 | Бюст Гірша Лекерта для помніка ў Мінску |