Аберацыі аптычных сістэм — скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах.
Аберацыі абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геаметрычнага падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геаметрычныя, храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.
Геаметрычныя аберацыі аптычнай сістэмы выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтральныя зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі).
Храматычныя аберацыі аптычнай сістэмы ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі).
Дыфракдыйныя аберацыі аптычнай сістэмы ўзнікаюць пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здальнасць аптычнай прылады.