wd wp Пошук:

Яшчарка жывародная

Яшчарка жывародная, жывародка (Zootoca vivipara, Lacerta vivipara) — від паўзуноў сямейства сапраўдных яшчарак.

Апісанне

Даўжыня цела 4-7 см, разам з хвастом 10-16 см, маса 2-7 г. Колькасць лусак вакол сярэдзіны тулава 30-40. Колькасць папярочных радоў брушных шчыткоў 21-39, сцегнавых пор 7-14. Цемянны і верхні завочныя шчыткі падзелены швом. Маладыя асобіны зверху пафарбаваны ў чорны, цёмна-карычневы або карычнева-бронзавы колер. З узростам цёмны фон святлее і з’яўляецца характэрны малюнак — цёмная (нярэдка перарывістая, разбітая на асобныя плямы) паласа ўздоўж хрыбта, а таксама дзве светлыя палоскі на спіне і цёмныя, адносна шырокія палоскі па баках тулава. Малюнак даволі зменлівы. Характэрная рыса афарбоўкі — ярка-аранжавы або цагельна-чырвоны колер са шматлікімі дробнымі цёмнымі плямкамі на брушку ў самцоў. У самак брушка белаватае, жаўтаватае або злёгку зеленаватае, без плям.

Распаўсюджанне

Жывародная яшчарка вызначаецца шырокім арэалам. Трапляецца ад Пірынейскага паўвострава, Ірландыі і Англіі да Калымы і Шантарскіх астравоў і Сахаліна. У Еўропе пашырана да паўночных узбярэжжаў, у Азіі (у Сібіры) паўночная мяжа заходзіць за Палярны круг (да ніжняга цячэння Енісея), далей на ўсход апускаецца да 63° пн.ш. На поўдні жыве толькі ў лясной зоне. У Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, аднак даволі нераўнамерна.

Перш за ўсё яе можна сустрэць на вярховых балотах. Насяляюць жывародныя яшчаркі таксама лісцевыя, хваёвыя і мяшаныя лясы (галоўным чынам узлескі), зарастаючыя высечкі, прасекі, хмызнякі па берагах вадаёмаў. Вельмі часта сустракаюцца на пойменных лугах побач з лесам, у маладых алешніках, а таксама на ўчастках паміж вільготнымі і сухімі лясамі, паміж лясамі і лугамі. Трапляецца жывародная яшчарка і паблізу населеных пунктаў, уздоўж дарог.

Асаблівасці біялогіі

Актыўны перыяд жывароднай яшчаркі пры добрым сонечным надвор’і працягваецца прыкладна з 9-10 да 18-19 гадзін. Звычайна яна выходзіць са сховішча ў добрае цёплае надвор’е. Жывародная яшчарка не рые нор, а выкарыстоўвае для жылля або часовага сховішча норы мышападобных грызуноў, трухлявыя пні, кучы ламачча, мохавыя купіны, тоўсты лясны подсціл, расколы і дуплы дрэў. Яна добра плавае, можа ныраць, перасоўвацца па дне і нават можа закапацца ў глей сярод травы.

Корміцца насякомымі і іншымі беспазваночнымі. Найчасцей яна паядае жукоў, павукоў, цыкадак, мурашак, вусеняў. Акрамя таго, яна корміцца малюскамі, землянымі чарвякамі, мнаганожкамі. Палюе як на зямлі, так і на ствалах дрэў. Жывародная яшчарка паядае вялікую колькасць расліннаедных і іншых беспазваночных, але і сама служыць кормам для многіх відаў млекакормячых і птушак.

На зімоўку ідзе ў кастрычніку. Зімуе ў сховішчах. Вясной з’яўляецца, калі ў лесе яшчэ месцамі ляжыць снег, гэта значыць намнога раней за большасць рэптылій. Пасля выхаду з зімоўкі пачынаецца шлюбны перыяд. У адрозненне ад усіх астатніх відаў свайго роду гэта яшчарка не адкладвае яйкі ў зямлю, а носіць іх у сабе. Пасля кладкі яек дзіцяняты, якія сфармаваліся ў іх, прарываюць пергаментападобную яйкавую абалонку і выходзяць вонкі. Колькасць дзіцянят, што прыносіць адна самка, ад 2 да 12. Палавой спеласці маладыя яшчаркі дасягаюць у двухгадовым узросце.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1787 годзе
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Сапраўдныя яшчаркі