Ярэ́міцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 г. вёска) Ярэмічы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Сіняўскага і Скорыцкага сельсаветаў[1]. З 17 снежня 1956 года ў складзе Карэліцкага раёна, з 25 снежня 1962 года ў складзе Навагрудскага раёна, з 6 студзеня 1965 года ў складзе адноўленага Карэліцкага раёна. 16 сакавіка 1987 года скасавана вёска Воўчае Балота (злілася з вёскай Зарэчча)[2].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1277 чалавек[3], з іх 95,9 % — беларусы, 2,9 % — рускія[4].