wd wp Пошук:

Ян Гус

Ян Гус (чэшск.: Jan Hus; 1369/1371, в. Гусінец, Багемія, Свяшчэнная Рымская імперыя — 6 ліпеня 1415, Констанц, Бадэн, Свяшчэнная Рымская імперыя) — нацыянальны герой Чэхіі, прапаведнік, мысляр, ідэолаг чэшскай Рэфармацыі, некаторы час быў рэктарам Пражскага ўніверсітэта.

Жыццё і дзейнасць

Нарадзіўся ў сям’і селяніна. Скончыў Пражскі ўніверсітэт (1393), у 1394 годзе там жа стаў бакалаўрам тэалогіі, у 1396 годзе атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў, у 1401—1402 гадах быў дэканам факультэта вольных мастацтваў, у 1402—1403 і 1409—1410 гадах займаў пасаду рэктара. У 1402 годзе Гус быў прызначаны плябанам і прапаведнікам Віфлеемскай капліцы ў старой частцы Прагі, дзе займаўся ў асноўным чытаннем казанняў на чэшскай мове.

Яшчэ ў сярэдзіне 1380-х у Чэхіі пачалі распаўсюджвацца працы англійскага рэфарматара Джона Уікліфа. Пад уплыў ідэй Уікліфа трапіў і Ян Гус. Падчас Вялікага расколу каталіцкай царквы Ян Гус быў у ліку тых, хто захоўваў нейтралітэт у дачыненні да супрацьлеглых бакоў.

У 1409 годзе Папа Рымскі выдаў булу супраць Гуса, якая дазволіла архібіскупу пражскаму, праціўніку рэфарматара, распачаць супраць яго карныя дзеянні. Казанні Яна Гуса былі забароненыя, усе падазроныя кнігі спаленыя. Аднак улады падтрымалі Яна Гуса, і яго ўплыў сярод вернікаў працягваў расці.

З 1411 года ў Чэхіі ўзмацняюцца дыскусіі вакол інстытута індульгенцый. Ян Гус выступаў як супраць індульгенцый, так і супраць права іерархаў хрысціянскай царквы падымаць меч супраць сваіх ворагаў.

У 1414 годзе Гус быў выкліканы на Канстанцкі сабор. Імператар Жыгімонт Люксембургскі абяцаў яму бяспеку, але калі чэшскі рэфарматар у кастрычніку прыбыў у Констанц, яго ўзялі пад варту, а пасля прысудзілі да спалення разам з працамі як ерэтыка. Прысуд быў выкананы там жа, у Констанцы, 6 ліпеня 1415 года. Існуе паданне, што калі Ян Гус ужо стаяў на вогнішчы, адна бабулька падкінула ў агонь вязку галля, бо шчыра верыла, што спаленне чалавека ўгодна Богу і што вогнішча ачысціць яго душу. Убачыўшы гэта, Ян Гус сказаў толькі: «O sancta simplicitas!» (па-лацінску: «О, святая прастата!»), што пазней стала выслоўем.

Наступствы

Смерць Яна Гуса прычынілася да пачатку Гусіцкіх войнаў, якія вялі яго прыхільнікі (гусіты) супраць Габсбургаў і іх прыхільнікаў. Радыкальныя гусіты (табарыты), якія патрабавалі рэлігійнай рэформы, пацярпелі паразу, умераныя гусіты (чашнікі) вымушаныя былі спыніць барацьбу, таму Рэфармацыя ў Чэхіі не адбылася.

Каталіцкая царква дагэтуль не рэабілітавала Яна Гуса. Нягледзячы на гэта, у пераважна каталіцкай Чэхіі Ян Гус карыстаецца пашанай, існуюць помнікі, музеі і вуліцы, якія носяць яго імя.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 7 ліпеня 2020.
  2. The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  3. Jan Hus // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118554948 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  5. https://www.evangelisch.de/inhalte/90067/21-11-2013/zehn-protestanten-und-ihre-letzten-ruhestaetten Праверана 28 чэрвеня 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Вікіпедыя:Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Выкладчыкі Карлавага ўніверсітэта
Нарадзіліся ў Паўднёвачэшскім краі
Памерлі ў Констанцы
Асобы
Царкоўныя дзеячы XIV стагоддзя
Гусіты
Пахаваныя ў Швейцарыі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Палітыкі Чэхіі
Спаленыя на кастры
Памерлі 6 ліпеня
Памерлі ў 1415 годзе
Выпускнікі Карлава ўніверсітэта
Рэфармацыя
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Царкоўныя дзеячы XV стагоддзя
Адлучаныя ад царквы
Нарадзіліся ў 1371 годзе