wd wp Пошук:

Эўглена зялёная

Эўглена зялёная (Euglena viridis) — від эўгленавых водарасцей.

Рухомая аднаклетачная водарасць. Жыве ў мелкіх стаячых прэсных вадаёмах, у якіх многа арганічных рэчываў. У летнія месяцы ў такіх вадаёмах часта зелянее — «цвіце» — вада. Прычынай гэтаму можа быць масавае размнажэнне эўглены зялёнай. Яе выцягнутыя клеткі бачныя пад мікраскопам, рухаюцца, лёгка выгінаючыся і мяняючы сваю форму. Рухаецца эўглена зялёная пры дапамозе жгуціка, які знаходзіцца на пярэднім канцы клеткі. Талом мае тонкае покрыва, што спрыяе змяненню формы цела.

Дзякуючы хларапластам у эўглены зялёнай, як і ў многіх аўтатрофаў, на святле адбываецца фотасінтэз. Але гэта водарасць можа таксама паглынаць гатовыя арганічныя рэчывы ўсёй паверхняй цела — быць гетэратрофам. Такі спосаб жыўлення пераважае ў яе пры адсутнасці святла. Таму эўглена зялёная з-за змешанага жыўлення належыць да аўтагетэратрофных пратыстаў. Дзякуючы здольнасці паглынаць арганічныя рэчывы адыгрывае важную ролю ў самаачышчэнні вадаёмаў.

Клетачная сценка адсутнічае. У цытаплазме знаходзіцца адно буйное клетачнае ядро, некалькі зялёных хларапластаў і скарачальныя вакуолі. У пярэдняй частцы клеткі размешчана чырвоная стыгма. Выкарыстоўваючы гэты арганоід, эўглена зялёная вызначае найбольш асветленыя месцы і з дапамогай жгуціка перамяшчаецца менавіта туды.

Размнажаецца толькі бясполым спосабам — дзяленнем клеткі папалам.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пратысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Эўгленавыя водарасці