wd wp Пошук:

Эсхін

Эсхін (стар.-грэч.: Αἰσχίνης; 389 да н.э. — 314 да н.э.) — старажытнагрэчаскі дзяржаўны дзеяч, адзін з дзесяці атычных аратараў.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Афінах, бацькі былі паважанымі людзьмі, хаця і небагатымі. Бацька Атрамет быў настаўнікам пісьма, маці Глаўкатэа дапамагала ў рэлігійных абрадах для бедных. Спачатку Эсхін быў памагатым бацькі ў школе, затым спрабаваў сябе ў акцёрстве, пасля вызначыўся ў войску, быў службоўцам, у тым ліку ў буле. Удзельнічаў у некалькіх ваенных кампаніях, праявіў сябе ў якасці выдатнага арганізатара і аратара. Пасля аблогі Алінфа быў у складзе пасольства ў Пелапанесе, дзе арганізаваў кампанію супраць Філіпа Македонскага.

Вясной 347 г. да н. э. Эсхін сваім выступам на сходзе з дзесяці тысяч чалавек у Мегалопалісе ў Аркадзіі заахвоціў іх аб’яднацца і выступіць супраць Філіпа. Улетку 347 г. да н. э. ён быў удзельнікам мірнага пасольства да Філіпа і пераканаў яго прыняць прапановы паслоў. Яго марудлівасць падчас другога пасольства (346 г. да н. э.), закліканага ратыфікаваць мірнае пагадненне, выклікала абурэнне ў Дэмасфена і Цімарха, стала падставай для абвінавачанняў у здрадзе. Эсхін паказаў сябе выдатным аратарам і абвергнуў усе абвінавачванні Дэмасфена (першая прамова Эсхіна). У 343 г. да н.э. Дэмасфен аднавіў наступленне, і Эсхін зноў адказаў бліскучай прамовай (другая прамова Эсхіна).

У сваю чаргу Эсхін высунуў супраць Дэмасфена некалькі сур’ёзных абвінавачанняў (трэцяя прамова), але гэтым разам Дэмасфен атрымаў перамогу. Каб пазбегнуць выплаты вялікага штрафу, Эсхін адправіўся ў выгнанне на Родас, адкрыў школу рыторыкі, пазней пераехаў на Самас, дзе памёр у семдзясят чатыры гады.

Тры прамовы Эсхіна, якія ў старажытнасці называлі «Тры грацыі», захаваліся.

Захаваўся таксама зборнік з 12 фіктыўных лістоў Эсхіна, складзены ў позняй антычнасці.

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Антычныя пісьменнікі, чые працы дайшлі да нашага часу
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 389 годзе да н.э.
Катэгорыя·Памерлі ў Грэцыі
Катэгорыя·Аратары Старажытнай Грэцыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Афінах
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 314 годзе да н.э.