wd wp Пошук:

Эндшпіль

Эндшпіль — заключная частка шахматнай ці шашачнай партыі. Характарызуецца зазвычай невялікай колькасцю фігур і павышэннем значнасці караля і пешак. Як правіла, у эндшпілі асноўнай задачай з’яўляецца не паставіць мат, а правесці пешку ў ферзі, і такім чынам дамагчыся вырашальнай матэрыяльнай перавагі.

Апісанне

Стратэгічная мэта эндшпіля — правядзенне адной з пешак у ферзі — вызначае нарастальную ролю пешак. Калі ў сярэдзіне гульні перавага аднаго з партнёраў у адну пешку звычайна вырашальнай ролі не гуляе, то ў эндшпілі гэтага ў шматлікіх выпадках дастаткова для выйгрышу.

Паколькі ступень актыўнасці фігур у значнай меры залежыць ад пешачнага размяшчэння, узрастае роля ўзгодненасці размяшчэння фігур і пешак: пешкі не павінны перашкаджаць дзеянню фігур. Актывізуючы свае фігуры, трэба адначасова адціскаць фігуры саперніка, абмяжоўваць іх рухомасць. У эндшпілі асаблівае значэнне набывае наяўнасць пешачнай слабасці: фігуры, вымушаныя іх абараняць, становяцца пасіўнымі і губляюць у сіле. Вынікам правільнай стратэгіі ў эндшпілі нярэдка аказваецца дасягненне пазіцый цугцванга.

Паколькі ў эндшпілі фігур і пешак менш, чым у сярэдзіне гульні, ён лягчэй паддаецца класіфікацыі і вывучэнню. Развіццё шахмат суправаджалася аналізам мноства пазіцый эндшпіля: у іх знойдзены найлепшыя планы гульні бакоў, дакладна ўсталяваны канчатковы вынік. Такім чынам, у эндшпілі ўзрастае роля ведаў, гэта значыць тэорыі. Па сутнасці многія тэарэтычныя пазіцыі эндшпіля ўяўляюць сабой лагічныя задачы, якія часта маюць адзінае рашэнне. Для лепшай арыентацыі ў шматлікіх пазіцыях эндшпіля распрацавана іх класіфікацыя ў залежнасці ад колькасці і якасці наяўных сіл.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Шахматы