Эаласомы (Aeolosomatidae) — сямейства кольчатых чарвей.
Цела (даўжыня 1—3 мм) празрыстае, з аранжавымі, жоўтымі, зялёнымі або блакітнымі скурнымі залозамі, членістае (ад 5—6 да 20 членікаў). На кожным з членікаў па 4 пучкі воласападобных шчацінак, на ніжнім баку галаўной лопасці і каля рота — шматлікія раснічкі. З дапамогай шчацінак і раснічак поўзаюць і плаваюць.
Вядома каля 30 відаў, жывуць у стаячых і цякучых прэсных водах, вільготным пяску марскіх узбярэжжаў і інш.[1] На Беларусі ў азёрах, рэках, сажалках, канавах найбольш адзначаецца Aeolosoma hemrichi.
Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, бактэрыямі, арганічнымі рэшткамі. Удзельнічаюць у ілаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у вадаёмах.
Гермафрадыты. Полавае размнажэнне бывае рэдка ў асобных відаў. Звычайна эаласомы размнажаюцца вегетатыўна шляхам паратаміі: на целе ўтвараецца перацяжка, і на задняй частцы, якая яшчэ не аддзялілася ад пярэдняй — задні канец новай асобіны. Два новыя чарвякі могуць раздзяліцца канчаткова, але часцей перад раздзяленнем кожны зноў пачынае дзяліцца. Так утвараецца «ланцужок» з 2—5 і больш асобін.