Шапур II (дата нараджэння невядомая, пам. 379) — цар Персіі з 309 года. За сваё 70-гадовае кіраванне вёў неаднаразовыя войны з Рымскай імперыяй, якія завяршыліся далучэннем да дзяржавы Сасанідаў шырокіх тэрыторый, уключаючы Паўночную Месапатамію. Акрамя таго, у час кіравання Шапура II Персія актыўна ваявала на ўсходзе і ў яе склад увайшлі некаторыя вобласці Сярэдняй Азіі. Быў вядомы заступнікам зараастрызму і арганізатарам кананізацыі Авесты, здзейсненнай пад кіраўніцтвам мабедан мабеда Адурбада Махраспанда. Пры Шапуры II пачаліся ганенні на хрысціян з-за таго, што хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй у Рымскай імперыі (з яго ганеннямі звязана з’яўленне двух персідскіх святых — свяшчэннамучаніка Іосіфа і мучаніка Іосіфа). Апроч гэтага, Шапур заснаваў некалькі гарадоў.