wd wp Пошук:

Чапля шэрая

Чэрап
Ardea cinerea

Шэ́рая ча́пля (Ardea cinerea) — буйная балотная птушка сямейства чаплевых.

Можа дасягаць 0,9-1,0 метра ў даўжыню. Пры гэтым размах яе крылаў дасягае 1,75-1,95 метра. Галава вузкая з вялікай дзюбай. На патыліцы маюцца чорныя пер’і, якія звісаюць з галавы. Апярэнне галавы, шыі і ніжняй часткі цела брудна-белага колеру, астатняй часткі цела — сінявата-шэрае. Лапы жаўтавата-шэрыя. Крык птушкі рэзкі, хрыплы, каркаючы. Атрымліваецца штосьці накшталт «фраарк».

Шэрая чапля мае досыць шырокае распаўсюджанне. Яе можна сустрэць ва ўмераным клімаце Еўропы, Азіі. Водзяцца яны і ў асобных рэгіёнах Афрыкі. Жыве ўздоўж балот, рэк, азёр.

Сілкуецца птушка пераважна рыбай, бясхвостымі амфібіямі. Ужывае таксама невялікіх грызуноў, насякомых, ракападобных і рэптылій. Шэрая чапля можа гадзінамі стаяць нерухома, прычым як на дзвюх, так і на адной назе. Яе шыя пры гэтым уціснутая ў цела. Толькі галава і дзюба тырчаць з яго. Падобным чынам яна можа і ладзіць паляванне. Сваю здабычу — рыбу заглытвае цалкам галавой наперад.

Пары ў шэрых чапляў утвараюцца толькі на адзін сезон. Самка прылятае да гнязда і пачынае рабіць гучныя рэзкія гукі. Пры гэтым яна прыпадымае свой грабенчык на патыліцы. Самец адказвае выцягам шыі і рухам уперад-назад, пры гэтым прысядаючы на ўзровень гнязда. Пасля таго ён нагінае шыю да ўзроўню лап і гучна трашчыць дзюбай. Самка, каб выклікаць прыхільнасць да яе самца, павінна паказаць свае церпялівыя паводзіны. Калі пара ўтворыцца, самец трашчыць дзюбай 20-40 разоў.

Свае гнёзды шэрыя чаплі ладзяць на высокіх дрэвах. Яны могуць дасягаць 0,8 метра ў дыяметры і 0,6 метра ў вышыню. Будуюць яго з галінак, асакі ці іншага матэрыялу, які маеца ля месца гняздоўя. Унутры гняздо абкладваецца зялёнымі галінкамі, травой або чаротам. Адно гняздо можа выкарыстоўвацца некалькі год запар.

Самка адкладвае ў гняздо 3-5 бледна-блакітных, часам з чырванаватымі плямкамі яек. Прычым робіць гэта па аднаму яйку праз дзень. Інкубацыйны перыяд складае 26 дзён. Выседжваюць яйкі абодва бацькі.

Птушаняты шэрых чапляў нараджаюцца пакрытыя шэраватым пухам. Апярэнне пачынае расці ў іх з сёмага-дзевятага дня. Першыя дваццаць дзён адзін з бацькоў увесь час знаходзіцца ў гняздзе разам з птушанятамі. Ён абараняе іх ад сонца, дажджу. Бацькі кормяць птушанят, адрыгваючы ежу са сваёй дзюбы ў іх дзюбы. Лётаць маладыя шэрыя чаплі пачынаюць прыкладна праз 55 дзён.

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Чаплевыя
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных