Цня́нскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскага раёна Мінскай вобласці. Цэнтр — вёска Цна.
Утвораны 1 студзеня 1925 года як Сляпянскі (Азярышча-Сляпянскі) сельсавет у складзе гарадской рысы горада Мінска. Цэнтр — вёска Азярышча. 17 лютага 1930 года аб’яднаны з 1-м Мінскім прыгарадным сельсаветам у Мінскі прыгарадны сельсавет.
21 кастрычніка 1940 года Сляпянскі сельсавет утвораны зноў у Мінскім раёне Мінскай вобласці БССР у складзе 25 населеных пунктаў: Антонава, Будзілава, Вялікая Слепня, Грэбелька, Дворышча, Зацішша, саўгас «Зялёны Луг», саўгас імя Крупскай, Малая Слепня, саўгас «Малая Сляпянка», Маляўкі, Маляўшчына, Навінкі, Падбалоцце, Сакалянка, Сляпянка, станцыя Сляпянка, Сморгаўскі тракт, Сталова, Урочышча, Чырвонае Урочышча, Шчотаўка, Шэйпічы, вылучаных са складу Прыгараднага сельсавета, і вёсак Цнянка і Цна-Ёдкава, вылучаных са складу Папярнянскага сельсавета. Цэнтр — вёска Вялікая Слепня[1]. 25 ліпеня 1959 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Зялёны Луг, сельсавет перайменаваны ў Зеленалужскі сельсавет[2]. У 1968 годзе цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Цна-Ёдкава. 9 жніўня 1979 года ў склад новаўтворанага Бараўлянскага сельсавета перададзены 11 населеных пунктаў (Баравая, Бараўляны, Валяр’янава, Вярбіцкія, Дроздава, Забалоцце, Копішча, Малінаўка, Уручча, Чарцяж і пасёлак Лясны)[3]. 14 снежня 1981 года сельсавет перайменаваны ў Цнянскі. 8 красавіка 2004 года вёска Цна і пасёлак Навінкі ўключаны ў склад Мінска[4]. 28 красавіка 2004 года сельсавет скасаваны[5].