wd wp Пошук:

Цадзіла

Наскальны жывапіс у раёне Цадзіла — аб’ект са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Батсване, размешчаны на паўночным захадзе краіны, утрымлівае адзін з самых значных у свеце збораў дагістарычнага наскальнага мастацтва.

На працягу 100 тыс. гадоў на плошчы ў 10 км² на тэрыторыі пустыні Калахары было створана болей за 4,5 тыс. выяў геаметрычных знакаў, людзей, жывёл, рытуалаў.

Для мясцовых плямёнаў Цадзіла не перастае заставацца свяшчэнным месцам – яе называюць Гарой багоў. Нядаўна археолагамі была адкрыта пячора, якая, мажліва, з’яўлялася найстаражытнейшым культавым месцам на Зямлі. У ёй знаходзіцца агромны камень з насяканнямі, якія імітуюць змяіную скуру. Побач са скульптурай пітона былі знойдзены тысячы наканечнікаў копій і рытуальныя прынашэнні бажаству. Мясцовыя плямёны да гэтага часу лічуць пітона самай паважанай жывёлай. Прыкладны узрост знаходкі – 70 тыс. гадоў, а гэта значыць, што рэлігійныя культы ў чалавека ўзніклі значна раней, чым вучоныя меркавалі дагэтуль.

Аб’ект быў ўключаны ў спіс у 2001 годзе ў сувязі з выключнай рэлігійнай і духоўнай важнасцю аб’екта для мясцовага насельніцтва і як доказ чалавечага пасялення даўнасцю некалькіх тысячагоддзяў.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Гісторыя Батсваны
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Батсване
Катэгорыя·Першабытнае мастацтва