Хрысціянская візія ― рабочая група Каардынацыйнай рады Беларусі. Вакол групы «Хрысціянская візія» сканцэнтравалася грамадская дзейнасць беларускіх хрысціян ва ўмовах рэпрэсій 2020—2021 гадоў і ўнутрыцаркоўнага ціску, патэнцыял групы вырас праз эміграцыю хрысціянскіх актывістаў, большасць яе сяброў цяпер знаходзіцца за мяжой[1]. Група ставіць мэтай ініцыяванне і садзеянне сумеснай дзейнасці хрысціян дзеля дасягнення мэтаў Рады: пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння грамадскай згоды.
Група «Хрысціянская візія» была створана 9 верасня 2020 г. і з’яўляецца нефармальным міжканфесійным аб’яднаннем, да якога могуць далучацца сябры Каардынацыйнай рады. Заяву аб стварэнні групы першапачаткова падпісалі 24 свецкіх вернікі і святары ўсіх асноўных канфесій краіны.[2][3]
«Хрысціянская візія» адсочвае і надае галоснасці фактам пераследу веруючых у Беларусі па рэлігійных і палітычных матывах,[4] і парушэнню іх правоў у месцах зняволення.[5][6] Факты абагульваюцца ў маніторынгу на англійскай і рускай мовах.[7] Яны прыцягнулі ўвагу айчынных і міжнародных СМІ.[8][9]
Група мабілізуе свецкіх вернікаў і духавенства на выказванні і акцыі асуджэння гвалту, у падтрымку аднаўлення законнасці і вызвалення палітзняволеных, і асвятляе іх дзейнасць.
Заахвочвае тэолагаў, святароў і іншых людзей і арганізацыі ў Беларусі і замежжы да багаслоўскага асэнсавання пратэстаў і рэпрэсій. Беспрэцэдэнтным прыкладам такой рэфлексіі стаў ліст Святланы Ціханоўскай папу Францішку ў адказ на яго энцыкліку.[10]
Ініцыюе і ўдзельнічае ― у Беларусі і за мяжой ― у кампаніях у падтрымку палітзняволеных, пераследаваных веруючых і царкоўных супольнасцяў у Беларусі.[11]
24 лютага 2022 года група зрабіла заяву з нагоды расійскага ўварвання ва Украіну, у якой асудзіла агрэсію і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для нападу, выказала салідарнасць з украінскім народам і заклікала беларускіх вайскоўцаў не ўдзельнічаць у вайне.[12]
Вядзе вебсайт, каналы ў Тэлеграме і ў іншых сацыяльных сетках.[13]