wd wp Пошук:

Фёдар Антонавіч Піскуноў

Родны дом Фёдара Піскунова (в. Раманавічы)

Фёдар Антонавіч Піскуноў (12 студзеня 1950, в. Раманавічы — 5 красавіка 2013, Мінск) — беларускі лексікограф і мовазнавец.

Біяграфія

Скончыў хімічны факультэт БДУ (1966—1971). У 1971—1974 гг. працаваў старшым лабарантам, малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце торфу АН БССР (з 1990 года — Інстытут прыродакарыстання[1]). З 1974 да 1983 г. быў інжынерам-тэхнолагам, інжынерам-хімікам, начальнікам лабараторыі, начальнікам сектара на вытворча-тэхнічным аб’яднанні «Інтэграл», дзе выявіў сябе рацыяналізатарам і вынаходнікам. У 1983—2008 гг. — старшы інжынер, навуковы супрацоўнік Інстытута электронікі НАНБ. У 2008—2010 гг. — Фізіка-тэхнічнага інстытута НАНБ[2].

Дзейнасць

Асноўныя навуковыя інтарэсы ў сферы лінгвістыкі — камп’ютарная лексікаграфія, прыкладная марфалогія і ўніфікацыя беларускага правапісу.

На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў самастойна распрацоўваў электронную базу дадзеных беларускай мовы. Вынікам гэтай працы стаў «Вялікі слоўнік беларускай мовы»[3] (2012) — першы ў беларускай лексікаграфіі арфаграфічна-граматычны слоўнік. Аб’ём рэестру слоўніка каля 223 тысяч слоў; апрацавана больш за 70 мільёнаў словаўжыванняў з 2 300 літаратурных крыніц.

На чале групы супрацоўнікаў стварыў першую прафесійную праграму праверкі беларускай арфаграфіі «Літара» для Microsoft Office 2000—2003 і перадаў яе ў свабоднае карыстанне[4] (2004). Упершыню ў беларускай лінгвістыцы выканаў поўную марфалагічную класіфікацыю парадыгмаў беларускага дзеяслова[5] і назоўніка[6], на аснове якіх стварыў электронны слоўнік «Парадыгма» аб’ёмам больш за 134 тысячы лексем. Прэзентацыя і перадача ў свабоднае карыстанне[4] адбылася ў 2010 годзе.

Многія назіранні і меркаванні, якія ўзніклі падчас сістэматызавання фактаў марфалогіі і арфаграфіі, адлюстраваныя ў шэрагу публікацый, змешчаных у часопісе «Роднае слова»[7]. У канцэнтраваным выглядзе погляды Фёдара Піскунова наконт стану беларускай мовы і надзённых задач для яе адраджэння змешчаны ў аўтарскай прадмове да «Вялікага слоўніка беларускай мовы»[8].

Фёдар Піскуноў лічыў, што «зварот да прадстаўнічых моўных БД — гэта эфектыўны шлях выяўлення тэндэнцый напісання, што паслужыць асновай для фармулявання прапаноў па ўдакладненні або змене правапісных нормаў»[9]. Быў упэўнены ў «непрымальнасці пашырэння паняцця „нарматыўнасць“ за межы чыста правапісных фактаў мовы»[10]. У дачыненні да стандартызацыі мовы аб’ектам крытыкі сп. Піскунова з’яўляліся «шабланізацыя падыходаў і кіраванне „літарай“, а не „духам“ прадпісанняў, непераадольнае і пакуль пашыранае ўяўленне „няма слова ў слоўніку — няма ў мове“»[11].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут прыродакарыстання»
  2. Дзяржаўная навуковая ўстанова «Фізіка-тэхнічны інстытут»
  3. Піскуноў, 2012
  4. 1 2 http://pravapis.tut.by Архівавана 23 студзеня 2011.
  5. Піскуноў, 2008
  6. Піскуноў, №8, 2011
  7. Часопіс «Роднае слова»
  8. Піскуноў, 2012, с. V-VI
  9. Піскуноў, 2006, с. 31
  10. Піскуноў, №7, 2010, с. 52
  11. Піскуноў, №2, 2012, с. 32

Бібліяграфія

Тэмы гэтай старонкі (15):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вучоныя паводле алфавіта
Памерлі ў 2013 годзе
Пахаваныя ў Гомельскім раёне
Выпускнікі хімічнага факультэта БДУ
Памерлі ў Гомельскім раёне
Нарадзіліся ў 1950 годзе
Асобы
Памерлі 5 красавіка
Постаці Гомельскага раёна
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Лексікографы Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Нарадзіліся ў Гомельскім раёне
Нарадзіліся 12 студзеня