Франц Цырайс (13 жніўня 1905, Мюнхен — 25 мая 1945, Маўтгаўзен) — нямецкі ваенны, камендант канцэнтрацыйнага лагера Маўтгаўзен у 1939-1945 гг.
Нарадзіўся 13 жніўня 1905 года ў Мюнхене. Пасля заканчэння школы пайшоў працаваць пасланцам ва ўнівермаг. У 1922 годзе паступіў на працу ў сталярную майстэрню. Пачаў службу ў рэйхсверы 1 красавіка 1924. 30 верасня 1936 звольнены ў запас у званні сяржанта. У тым жа годзе Цырайс уступае ў СС і атрымлівае званне оберштурмфюрар (старшы лейтэнант). З 1937 года служыць у Тотэнкопфе, а 1 ліпеня 1938 пераводзіцца ў Цюрынгію інструктарам.
9 лютага 1939 быў прызначаны камендантам канцлагера Маўтгаўзен. 20 жніўня таго ж года ён стаў штурмбанфюрарам. 20 красавіка 1944 года Франц атрымаў званне штандартэнфюрара (палкоўніка).
3 мая 1945 разам з жонкай паспрабаваў бегчы, але быў паранены амерыканскімі салдатамі. Патрапіў у ваенны шпіталь Маўтгаўзена, дзе і сканаў 25 мая 1945 года. Пасля смерці Цырайса яго цела было павешана на агароджу былымі вязнямі[1].