wd wp Пошук:

Фрамбезія

Фрамбезія (таксама вядомая пад назвамі трапічная фрамбезія, трапічная поліпапілома, трапічны сіфіліс[3] і невенерычны сіфіліс[4]) — трапічная інфекцыя скуры, касцей і суставаў, якая выклікаецца бактэрыямі спірахеты Treponema pallidum pertenue.[5][6] Хвароба пачынаецца са з’яўлення круглай, цвёрдай пухліны на скуры, дыяметрам ад 2 да 5 сантыметраў.[6] Скура можа прарвацца ў цэнтры з утварэннем язвы.[6] Гэтае пачатковае пашкоджанне скуры звычайна загойваецца за перыяд ад трох да шасці месяцаў.[7] Праз некаторы час (некалькі месяцаў ці гадоў) могуць пачаць балець суставы ці косці, узнікнуць слабасць, з’явіцца новыя пашкоджанні скуры.[6] Скура на далонях рук і пятках можа ўшчыльніцца і парэпацца.[7] Магчымая дэфармацыя касцей (асабліва касцей носа).[7] Праз пяць гадоў пасля захворвання ці пазней могуць з’яўляцца вялікія вобласці змярцвелай скуры з далейшым узнікненнем рубцоў.[6]

Фрамбезія перадаецца праз непасрэдны кантакт з вадкасцю з ран інфікаванай асобы.[7] Кантакт звычайна мае несексуальны характар.[7] Хвароба найчасцей сустракаецца сярод дзяцей, якія распаўсюджваюць захворванне падчас сумесных гульняў.[6] Іншыя хваробы, якія выклікаюцца трэпанэмамі — беджэль (Treponema pallidum endemicum), пінта (Treponema pallidum carateum) і сіфіліс (Treponema pallidum pallidum).[7] Фрамбезія часта дыягназуецца па з’яўленні пашкоджанняў.[7] Тэсты крыві на антыцелы могуць быць карыснымі, але не даюць магчымасці адрозніць мінулую інфекцыю ад сучаснай.[7] Палімеразная ланцуговая рэакцыя (ПЛР) з’яўляецца найбольш дакладным спосабам дыягностыкі.[7]

Прафілактыка захворвання часткова ажыццяўляецца шляхам лячэння хворых асоб для зніжэння рызыкі заражэння.[7] У месцы распаўсюджвання захворвання мера эфектыўная для ўсяго насельніцтва.[7] Удасканаленне санітарна-гігіенічных умоў таксама зніжае маштаб распаўсюджвання хваробы.[7] Лячэнне праводзіцца з дапамогай антыбіётыкаў, у тым ліку прымяняюцца: азітраміцын пераральна ці ін’eкцыі бензацын-пеніцыліну.[7] Без лячэння фізічная дэфармацыя адбываецца ў 10 % выпадкаў.[7]

Фрамбезія сустракалася мінімум у 14 трапічных краінах у 2012 г.[6][7] Хвароба распаўсюджваецца толькі сярод людзей.[7] У 1950-1960-х гг. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) амаль знішчыла фрамбезію.[7] З тае пары колькасць выпадкаў вырасла, СААЗ спрабуе знішчыць хваробу да 2020 г.[7] Паводле апошняй ацэнкі, інфікавана больш за 500 000 у 1995 г.[5] Нягледзячы на тое, што адно з першых апісанняў хваробы было зроблена ў 1679 г. Вілемам Пізо, археалагічныя знаходкі сведчаць, што фрамбезія прысутнічала сярод людзей ужо 1,6 млн гадоў таму.[6]

Зноскі

  1. 1 2 Disease Ontology — 2016. Праверана 15 мая 2019.
  2. 1 2 3 Monarch Disease Ontology release 2018-06-29sonu — 2018-06-29 — 2018. Праверана 28 ліпеня 2018.
  3. Rapini RP; Bolognia JL; Jorizzo JL. (2007). Dermatology: 2-Volume Set. St. Louis: Mosby. ISBN 1-4160-2999-0.
  4. James WD; Berger TG; et al. (2006). Andrews’ Diseases of the Skin: clinical Dermatology. Saunders Elsevier. ISBN 0-7216-2921-0. OCLC 62736861.
  5. 1 2 Mitjà O; Hays R; Rinaldi AC; McDermott R; Bassat Q (2012). “New treatment schemes for yaws: the path toward eradication” (pdf). Clinical Infectious Diseases 55 (3): 406–412. doi:10.1093/cid/cis444. PMID 22610931. http://cid.oxfordjournals.org/content/55/3/406.long.
  6. 1 2 3 4 5 6 7 8 Mitjà O; Asiedu K; Mabey D (2013). “Yaws”. Lancet 381 (9868): 763–773. doi:10.1016/S0140-6736(12)62130-8. PMID 23415015.
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 Yaws Fact sheet N°316. World Health Organization (1 лютага 2014). Праверана 27 лютага 2014.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Захворванні скуры і яе прыдаткаў
Катэгорыя·Захворванні суставаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Захворванні паводле алфавіта