Уладзімір Ульянавіч Мелішкевіч (нар. 1 ліпеня 1942, в. Лышчыцы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці — 7 ліпеня 1994) — беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду культуры.
Скончыў СШ № 1 г. Брэста, працаваў фрэзероўшчыкам на прадпрыемстве. У 1960—1965 гадах навучаўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Па атрыманні дыплома працаваў настаўнікам гісторыі ў СШ № 20 г. Брэста, з 1969 года — кансультантам Дома палітычнай асветы, на партыйнай рабоце на розных пасадах. У 1975—1978 гадах вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. З 1978 года — лектар Брэсцкага абкама КПБ. У 1979 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Руска-беларускія культурныя сувязі другой паловы ХІХ стагоддзя».
З 1981 года — загадчык кафедры навуковага камунізму Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. У 1984 годзе стаў загадчыкам кафедры гісторыі КПСС Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна; дацэнт, у 1991—1992 гадах — прарэктар па навуковай рабоце. Дзякуючы яго энергіі і настойлівасці, у 1989 годзе пачалася праца па стварэнні гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Арганізатар і ідэйны натхняльнік гістфака, Уладзімір Ульянавіч стаў загадчыкам кафедры гісторыі, а пасля яе падзелу — загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі і гісторыі сусветнай культуры.
Вучонае званне прафесара атрымаў у 1991 годзе. Са снежня 1992 года — дэкан гістарычнага факультэта. Уладзімір Ульянавіч вёў актыўную грамадскую работу, быў членам выканкама Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. У чэрвенi 1987 года быў абраны першым старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Савецкага (з 1991 года Беларускага) фонду культуры.
Памёр 7 ліпеня 1994 года, пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска».
16-17 лістапада 2007 года гістарычны факультэт БрДУ iмя А. С. Пушкіна правёў ІІІ Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную памяці прафесара У. У. Мелішкевіча.
Даследаваў праблемы гісторыі культуры, беларуска-расійска-ўкраінскіх адносін. Зрабіў больш за 100 навуковых публікацый.