У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Качаеў. Сяргей Кузьміч Качаеў (20 сакавіка 1953, г. Чэрыкаў, Магілёўская вобласць — 2 чэрвеня 2011) — беларускі архітэктар.
Скончыў у 1972 годзе Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, у 1980 годзе БПІ. Служыў у 1972—1974 гадах у шэрагах Савецкай Арміі. У 1980—2011 гадах працаваў у інстытуце «Магілёўграмадзянпраект» на пасадах ад радавога архітэктара да галоўнага архітэктара праекта, начальніка архітэктурна-канструктарскага аддзела.
Член Саюза архітэктараў Беларусі з 1985 года.
Аўтар шматлікіх праектаў, у тым ліку: гасцініца на 109 месцаў і бальніца на 300 месцаў у г. Касцюковічы; раённая бальніца ў Дрыбіне; Дом культуры ў Чэрыкаве; Дом удзельнікаў ВАВ; прыбудова да будынка абласнога тэлебачання; 174-кватэрны жылы дом з убудаванымі адміністрацыйнымі памяшканнямі па вул. Габраўскай; 20-кватэрны жылы па вул. Першамайскай — усе ў г. Магілёве.
Узнагароджаны Ганаровымі граматамі інстытута, Ганаровай граматай Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў (2010).