wd wp Пошук:

Сычуанская катлавіна

Краявід у Сычуані

Сычуанская катлавіна, Чырвоны басейн — міжгорная ўпадзіна ў Кітаі, у басейне сярэдняга цячэння р. Янцзы.

Плошча каля 200 тыс. км². Вышыня 400 — 500 м (на ўскраінах да 1000 м). Абмежавана на захадзе Сіна-Тыбецкімі гарамі, на поўначы і паўночным усходзе хрыбтамі Цыньлін і Дабашань, на поўдні нагор’ем Гуйчжоў.

Прымеркавана да сінеклізы Кітайска-Карэйскай платформы. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 4000 м) чырванаколерных пясчанікаў і сланцаў юрскага і мелавога ўзросту і іншымі асадкавымі пародамі. Утварае прыступкавы амфітэатр, звернуты на поўдзень. Паверхня ўзгорыстая, перасечана р. Янцзы і яе прытокамі.

Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня 10°С, ліпеня 29°С. Ападкаў 800 — 1750 мм за год. Вегетацыйны перыяд круглы год.

Глебы — жаўтазёмы, чырваназёмы. Лістападныя і вечназялёныя лясы (большасць высечана), вышэй за 600 м вільготныя лясы (вечназялёны дуб, вастраліст, лаўр, кунінгамія, кіпарыс, хвоя і інш.).

Важны сельскагаспадарчы раён (вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, чай, тытунь, цытрусавыя і іншыя культуры). Класічная правінцыя тэрасавай гаспадаркі. Радовішчы нафты, газу, каменнай солі, каменнага вугалю, жалезных і поліметалічных руд.

Буйныя гарады Чунцын і Чэнду.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Геаграфія Кітая