Сцябловая іржа раслін, Лінейная іржа раслін[1] — захворванне, выкліканае грыбам віду Puccinia graminis.
Асноўную шкоду наносіць збожжавым, у тым ліку пшаніцы, жыту, ячменю, аўсу і многім дзікарослым злакам.
На сцеблах, лісці, каласковых лускавінках утвараюцца падоўжаныя аранжава-бурыя пукатыя ўрэдапустулы з урэдаспорамі, часта яны зліваюцца ў суцэльныя палоскі (лініі) даўжынёй 10-15 см. У канцы вегетацыі з’яўляюцца тэлейтаспоры, якія зімуюць на раслінных рэштках, прарастаюць вясною, утвараючы базідыі. Базідыяспоры пападаюць на барбарыс звычайны (прамежкавая расліна-гаспадар), даюць пачатак новай грыбніцы, дзе фарміруюцца спермагоніі і ацыдыі са спорамі, якія пераносяцца і заражаюць злакі. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.