wd wp Пошук:

Страус

Афрыканскі страус (Struthio camelus) — бяскілевая нялётная птушка, адзіны сучасны прадстаўнік сямейства страусавых (Struthinodae).

Назва

Яго навуковая назва ў перакладзе з грэчаскай азначае «верабей-вярблюд».

Агульная характарыстыка

Афрыканскі страус — самая буйная з сучасных птушак: яго рост дасягае 270 см, маса да 175 кг. Самец большы за самку.

Страус мае шчыльны целасклад, доўгую шыю і невялікую сплошчаную галаву. Дзюба прамая, плоская, з рагавым «кіпцюром» на наддзюб’і, даволі мяккая. Вочы вялікія — самыя буйныя сярод наземных жывёл, з густымі вейкамі на верхнім павеку. Кожнае вока памерам з мозг. Ротавая шчыліна даходзіць да вачэй.

Страусы — нялётныя птушкі. Для іх характэрна поўная адсутнасць кіля і слабаразвітая грудная мускулатура; шкілет не пнеўматычны, за выключэннем сцегнавой косткі. Крылы ў страусаў недаразвітыя; два пальцы на іх канчаюцца кіпцюрамі, або шпорамі. Заднія канечнасці доўгія і моцныя, усяго з двума пальцамі. Адзін з пальцаў заканчваецца падабенствам рагавога капыта — на яго птушка абапіраецца пры бегу.

Апярэнне ў страуса мяккае і кучаравае. Пёры растуць па ўсім целе больш-менш раўнамерна, птэрыліі адсутнічаюць. Будова пяра прымітыўная: бародкі амаль не счэплены адна з адной, таму шчыльных пласцінак-пацерак не ўтвараюць. Не апераны галава, шыя і сцёгны. На грудзях таксама маецца голы ўчастак скуры, грудны мазоль, на які страус абапіраецца, калі кладзецца. Колер апярэння ў дарослага самца чорны; пёры хваста і крылаў белыя. Самка страуса афарбаваная аднастайна — у шаравата-бурыя колеры; пёры крылаў і хваста — брудна-белыя.

Страус — адзіная сучасная птушка, у якой ёсць мачавы пузыр.

Пашырэнне

Пашыраны ў Афрыцы, раней трапляўся (да 1941) у Сірыі і на Аравійскім п-ве (вынішчаны).

Жыве ў пустынях і стэпах, зрэдку з зараснікамі кустоў.

Страус утварае некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца памерамі, колерам скуры на шыі, некаторымі біялагічнымі рысамі — лікам яек у кладцы, наяўнасцю ў гняздзе подсцілу, будовай шкарлупіны яйка.

Асаблівасці біялогіі

Палігам. Трымаецца групамі да 5—6, радзей да 30—40 птушак.

3—6 самак адкладваюць 6—8 яец (самыя вялікія з птушыных) у агульнае гняздо. Дыяметр яйка афрыканскага страуса можа дасягаць 15—18 см.

Вывадкавая птушка.

Расліннаедныя.

Развядзенне

Разводзяць на фермах (дзеля пёраў для ўпрыгожанняў і мяса).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Бескілявыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта