wd wp Пошук:

Спалета

Спале́та (італ.: Spoleto) — горад у Італіі ў правінцыі Перуджа, за 95 км на поўнач ад Рыма. Адзін з самых старажытных гарадоў Умбрыі. Размешчаны ў заходніх перадгор’ях Умбра-Маркскіх Апенін, на рацэ Мароджа. Вузел аўтамабільных дарог, чыгуначная станцыя. Найбліжэйшы міжнародны аэрапорт — у г. Перуджа (за 45 км на поўнач).

Гісторыя

Заснаваны ў 241 да н.э. як рымская калонія Спалецый (лац.: Spoletium) на месцы старажытнага паселішча умбраў. Калонія паспяхова супрацьстаяла нападу Ганібала. З IV стагоддзя нашай эры цэнтр біскупства. Знаходжанне на Фламініевай дарозе спрыяла росту значэння Спалета, асабліва у час Гоцкіх войнаў. У 545 годзе разбураны Тотылам, пасля горад аднавіў Нарсес.

Пасля заваявання лангабардамі з 570 года цэнтр герцагства Спалета. З 774 года пад намінальнай уладай караля франкаў. З XI стагоддзя герцагі спалецкія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1155 годзе спалены Фрыдрыхам I Барбаросам. З XIII стагоддзя канчаткова ў складзе Папскай вобласці. Да 1354 года жыхары горада вагаліся паміж партыямі гвельфаў і гібелінаў.

Падчас напалеонаўскіх войнаў з 1809 года цэнтр Тразіменскага дэпартамента Французскай імперыі. Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—1815 гадоў вернуты ў склад папскіх уладанняў. 17 верасня 1860 года заняты п’емонцкімі войскамі, увайшоў у склад Сардзінскага каралеўства. З 1861 года ў Італьянскім каралеўстве.

Славутасці

Ад антычнасці дайшлі фрагменты гарадскіх умацаванняў (VI—I стст. да н.э.), мост Понтэ-Сангуінарыа[it] (I ст. н.э.), арка Друза і Германіка[it] (23 н.э.) на месцы форума, рымскі дом, фрагменты амфітэатра (абодва — I ст. н.э.) і інш. Раннехрысціянская базіліка Сан-Сальваторэ[en] (IV—V стст., дапаўненні VIII ст.), уключана ў спіс Сусветнай спадчыны ў складзе лангабардскіх помнікаў у Італіі[uk].

Ад сярэдневяковай забудовы захаваліся гарадская сцяна (1297), акведук Понтэ-дэле-Торы[it] (XIII—XIV стст.), Палацца Камунале (XIII ст., перабудавана ў XVIII ст.), крэпасць Рока-Альбарнацыяна[it] (1359 — каля 1370, арх. М. Гатапонэ; перабудоўвалася ў пачатку XIX ст.), а таксама шматлікія пабудовы ў раманскім стылі: сабор Санта-Марыя-Асунта[en] (1067 — XVIII ст., мазаіка на фасадзе, 1207; порцік у стылі Адраджэння, XV ст., арх. А. Барочы, у інтэр’еры — роспісы Філіпа Ліпі, Пінтурык’я), цэрквы Сант-Эўфемія[en] (X—XI стст.), Сан-Грэгорыа-Маджорэ[en] (1079—1146), Сан-П’етра[it] (XII—XVII стст., на схіле ўзгорка Мантэлука), Сан-Панцыяна[en] (XII ст.), Сан-Паала (1234; у аснове — царква VI ст.) і інш. У стылі барока — свяцілішча Мадонна-дзі-Ларэта (1572—1662, арх. А. Ліпі).

Культура

Сярод навуковых устаноў — Акадэмія Спалета (1477; сучасная назва з 1901), Італьянскі цэнтр даследаванняў Высокага Сярэднявечча (1952), Лабараторыя навук пра Зямлю (1987), Інстытут прафесійна-тэхнічнай адукацыі (1998), Гарадская бібліятэка «Джазуэ Кардучы» (1861), Аддзел дзяржаўных архіваў (1950).

Музеі: Пінакатэка (1867), археалагічны музей (1985), музей тэкстылю і касцюма (1988), мастацкі музей «Карандэнтэ» (2000; былая Гарадская галерэя сучаснага мастацтва), Нацыянальны музей герцагства Спалета (2007), былая чыгунка Сполета — Норча (2011), епархіяльны музей.

Штогадовыя міжнародныя: «Фестываль двух светаў» (мастацтваў; з 1958; з 2011 штаб-кватэра — у Доме-музеі Дж. К. Меноці), тыдзень танца (у Спалета з 2003) і фестываль мастацтваў «Маці Умбрыя» (у пасёлку Бацана).

Эканоміка

Аснова гарадской эканомікі — турыстычны бізнес, галоўным чынам культурна-пазнавальны і падзейны. У Спалета штогод праходзяць міжнародны гастранамічны фестываль «Еўрапейскія зоркі густу» (з 2004) і міжнародная выстаўка вінаў (з 2005). Прадпрыемствы лёгкай (выпуск тканін, у т.л. абівачная; вышытых вырабаў і інш.), харчовай (аліўкавы алей — кампаніі «Monini», «Costa D’Oro», «Coricelli» і інш.; віны і інш.) прамысловасці і машынабудавання (абсталяванне для водазаборных і газавых свідравін); размяшчаюцца ў індустрыяльных зонах «Santo Chiodo» (на захад ад Спалета), «Madonna di Lugo» і «San Giacomo» (абедзве — на паўночны ўсход ад Спалета). Вырошчванне дэкаратыўных садовых раслін і кветак.

Зноскі

  1. Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011ISTAT. Праверана 16 сакавіка 2019.
  2. Popolazione Residente al 1° Gennaio 2018ISTAT. Праверана 16 сакавіка 2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Гарады Умбрыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Камуны правінцыі Перуджа
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нявызначаная краіна (тэлефонны код)