wd wp Пошук:

Сомік канальны

Сомік канальны, або плямісты сомік (Ictalurus punctatus) — від рыб сямейства кашэчых самоў.

Апісанне

Даволі буйны від. Звычайная даўжыня 27-75 см і маса да 7 кг. Мае стройнае, падоўжанае, злёгку сціснутае з бакоў цела з глыбока выемчатым хваставым плаўніком. Рот вялікі, паўніжні. Верхняя сківіца высунута наперад ад ніжняй. Органы дотыку — 4 пары вусікаў, дзве на верхняй і дзве на ніжняй сківіцы, пры гэтым вонкавая пара верхнесківічных вусікаў доўгая, дасягае асновы грудных плаўнікоў. На сківіцах размяшчаюцца шматлікія зубы-шчоткі, якія служаць для ўтрымання ежы. Глоточных зубоў няма. Галава ўмеранай даўжыні. Цела гладкае, без лускі. Плаўнікі падтрымліваюцца мяккімі прамянямі, за выключэннем моцных вострых калючых прамянёў перад спіннымі і груднымі плаўнікамі. Наяўнасць яду на калючках выклікае хваравітую рэакцыю пры парэзах.

Афарбоўка спіны і бакоў ад жаўтлява-карычневай да сіня-чорнай. Брушка светлае, серабрыстае. Часта сустракаюцца альбіносы.

Пашырэнне

У натуральных умовах канальныя самы жывуць у прэсных і саланаватых водах Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, у халаднаватых азёрах з чыстай вадой і вялікіх рэках са слаба заглееным дном, абмяжоўваючыся басейнам ракі Місісіпі ад Канады да Мексіканскага заліва.

Інтрадукаваны ў Еўропе. У 1979 годзе крыху больш за 700 экз. было выпушчана ў возера Белае, Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. — вадаём-ахаладжальнік Бярозаўскай ДРЭС.

Асаблівасці біялогіі

Цеплалюбівая рыба. Тэмпературны оптымум ляжыць у межах 25°С, хоць канальны сом здольны пераносіць зімоўку ў вадаёмах, што знаходзяцца пад ільдом 3-4 месяцы ў годзе.

У натуральных умовах аддае перавагу глыбокім месцам чыстых вадаёмаў з пясчана-жвіровым грунтам. У дзённы час хаваецца ў паглыбленнях, абароненых камянямі і галінкамі. Маляўкі часта сыходзяць з азёр у вусці рэк у пошуках ежы.

Харчуецца ракападобнымі, насякомымі, водарасцямі.

У паўднёвых раёнах ЗША канальны сом дасягае палавой спеласці ва ўзросце 1,5-2 гадоў, у Канадзе — 5 гадоў. Нерастуе позняй вясной ці ўлетку пры тэмпературы 24-29,5°С. Глыбіня, на якой адкладаецца ікра, ад 0,8 да 2,7 м. Адно і тое ж нерасцілішча выкарыстоўваецца некалькі разоў. Нераст штогадовы.

Адкладка ікры адбываецца ў адасобленых, паўцёмных гнёздах, пабудаваных самцамі ў паглыбленнях, сярод старых галін, пнёў ці камянёў. Пладавітасць канальнага сома параўнальна невысокая, ад 2,4 да 13 тыс. ікрынак (у сярэднім 6 тыс.). Пасля нерасту самец даглядае за ікрой і ахоўвае яе, ён застаецца ля гнязда пакуль маляўкі не пачынаюць плаваць.

Промысел

Прамысловы від. Папулярны аб’ект аматарскага лову ў ЗША.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сомападобныя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта