У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Берг.
Свен Рыхард Берг (28 снежня 1858 — 29 студзеня 1919) — шведскі мастак-пейзажыст і партрэтыст, мастацтвазнавец, педагог. Дырэктар нацыянальнага музея Швецыі (з 1915).
Сын Юхана Эдварда Берга, заснавальніка новай шведскай школы пейзажыстаў. Скончыўшы ў 1881 годзе Шведскую каралеўскую акадэмію вольных мастацтваў, адправіўся ў Францыю, дзе пасяліўся ў калоніі мастакоў у Грэ-сюр-Луэн. Пазней, у Парыжы быў слухачом Акадэміі Каларосі. Вучань Жан-Поля Ларана.
Выявіў цікавасць да сімвалізму і псіхалогіі і выкарыстоўваў яе метады і падыходы ў сваім мастацтве. Неўзабаве зарэкамендаваў сябе на радзіме як таленавіты мастак-партрэтыст, хаця яго пейзажы адыграюць у будучыні важную ролю ў развіцці шведскага рамантычнага нацыяналізму. Яго карціны 1880-х гадоў характарызуюцца пераважным рэалізмам з элементамі рамантызму. У 1883 годзе ўпершыню выставіў свае карціны ў дацкім дзяржаўным музеі мастацтваў у Капенгагене і парыжскім Салоне.
Яго пэндзлю належаць партрэты шэрагу вядомых дзеячаў шведскай культуры, навукі і палітыкі ў тым ліку, Аўгуста Стрындберга, Евы Бан’е, Элен Кей, Густава Фродынга, Карла Яльмары Брантынга і інш.
У 1893 годзе Р. Берг разам з некалькімі аднадумцамі заснаваў у Варбергу калонію мастакоў, якая пазней паклала пачатак так званай варберскай школе жывапісу, стварыў там шэраг пейзажаў (з 1893 па 1896). З 1905 года жыў пад Стакгольмам.
Аўтар некалькіх кніг пра мастацтва. У лютым 1915 года ўзначаліў Нацыянальны музей Швецыі. 31 кастрычніка 1917 г. быў удастоены звання доктара honoris causa ў галіне філасофіі.