wd wp Пошук:

Пётр Цімафеевіч Мсціславец

Евангелле Залатое. 1575 г. Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава

Пётр Цімафеевіч Мсціславец (пач. 16 ст., Мсціслаў — пасля 1577/пач. 17 ст.) — друкар.

Біяграфія

Нарадзіўся ў купецкай сям’і Цімафея і Еўдакіі, дзе апроч яго было яшчэ двое дзяцей. Пасля смерці бацькі, стрыечны брат маці — майстар-будаўнік Васіль ўзяў Пятра да сябе вучнем. Магчыма, разам з дзядзькам Пётр трапіў у Маскву.

Разам з І. Фёдаравым выдаў у Маскве «Апостал» — першую датаваную рускую друкаваную кнігу (1564), два выдання «Часоўніка» (1565). У 1566 з-за ганенняў П. Мсціславец і І. Фёдараў пакінулі Маскву і пераехалі ў ВКЛ. На грошы Рыгора Хадкевіча і ў яго маёнтку ў Заблудаве яны заснавалі новую друкарню, дзе карысталіся вывезенымі з Масквы шрыфтам, дошкамі, застаўкамі і літарамі. У 15681569 разам з І. Фёдаравым у Заблудаўскай друкарні выдаў Евангелле Вучыцельнае.

Летам 1569 П. Мсціславец пакінуў І. Фёдарава і, па прапанове братоў Зарэцкіх, пераехаў у Вільню, дзе, на грошы і ў доме віленскіх купцоў братоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў, пабудаваў новую друкарню, зрабіў новы шрыфт, дошкі, застаўкі і літары. У віленскай друкарні Мамонічаў П. Мсціславец выдаў «Евангелле Напрастольнае» (1575). У гэтай кнізе ён упершыню выкарыстаў шрыфт, падобны да буйнога паўуставу, які ў далейшым капіраваўся пры кожным перавыданні «Евангелля Напрастольнага». У 1576 выдаў «Псалтыр», які карыстаўся вялікім попытам у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Тады ж у віленскай друкарні Мамонічаў Мсціславец выдаў «Часоўнік». Мсціславец у пасляслоўях да віленскага «Евангелля» і «Псалтыра» з удзячнасцю ўзгадвае імёны фундатараў, Зарэцкіх і Мамонічаў, кажучы пра Зарэцкіх, якія здолелі натхніць яго на самастойную працу: «понежа понудили есте нас недостойных выше наглея меры на сие дело»; пра Мамонічаў, якія забяспечылі яго памяшканнем у сваім доме і ўсім «изобильно его довольствовали». Пра сваю працу кажа вельмі сціпла, так, нібыта проста баіцца пакарання ад бога за марнаванне свайго таленту.

У 1576 Мамонічы па палітычных матывах вырашылі прыпыніць працу сваёй друкарні. Відаць, гэта супярэчыла ўмовам паміж імі і Пятром, ён звярнуўся ў суд для падзелу маёмасці друкарні. Паводле выраку, Пётр мусіў атрымаць ўсё друкарскае абсталяванне і 30 коп грошаў, а Кузьма Мамоніч — кнігі: Евангеллі, Псалтыры і Часоўнікі. Але вырак суда не быў выкананы, і друкарня стаяла апячатаная. У 1577 суд, верагодна па запыце П. Мсціслаўца, пацвердзіў мінулагодні вырак наконт друкарскай маёмасці. Далейшы лёс Пётра Мсціслаўца па крыніцах не прасочваецца, магчыма ён у хуткім часе памёр.

А. С. Зярнова, спасылаючыся на тое, што Мамонічы не атрымалі нічога з друкарскага матэрыялу П. Мсціслаў і значная яго частка выкарыстаная ў астрожскіх выданнях 1590-х і пач. 17 ст., дапускае, што П. Мсціславец зноў далучыўся да І. Фёдарава і працаваў разам з ім у друкарні, якую каля 1578 у Астрозе заснаваў К. К. Астрожскі. Так, магчыма, жыццёвыя шляхі Пятра і Івана зноў перакрыжаваліся, але ненадоўга. У 1582 І. Фёдараў пакінуў Астрог, магчыма, што П. Мсціславец пасля гэтага ўзначаліў астрожскую друкарню, бо вялікае выданне «Кніга аб поснічастве» Васіля Вялікага (1594) і «Часаслоў» (1602) надрукаваныя ў Астрозе не толькі віленскім шрыфтам, з выкарыстаннем віленскіх дошак, вялікіх і малых заставак і буйных літар П. Мсціслаўца, але бачныя і тэхнічныя прыёмы аналагічныя віленскім. Праўда, усё гэта можа сведчыць пра працу ў Астрозе вучняў П. Мсціслаўца.

Помнік у Мсціславе

Зноскі

Літаратура

Бібліяграфія

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Першадрукары
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Друкары Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Пётр Мсціславец
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мсціславе