Прэзідэнт Эстонскай Рэспублікі (эст.: Eesti Vabariigi President) — глава Эстонскай Рэспублікі.
Паколькі паводле Асноўнага закона 1992 года Эстонія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, паўнамоцтвы прэзідэнта ў значнай ступені абмежаваны, ён не ўваходзіць у сістэму выканаўчай улады і з’яўляецца, галоўным чынам, сімвалічнай фігурай, якая выконвае прадстаўніцкія і розныя фармальна-юрыдычныя функцыі. Прэзідэнт не можа быць членам якой-небудзь палітычнай партыі і не можа займаць ніякую іншую выбарную ці прызначальную пасаду. Гэтыя абмежаванні накіраваны на забеспячэнне незалежнасці і палітычнай непрадузятасці прэзідэнта пры выкананні імслужбовых абавязкаў.
Абранне прэзідэнта праходзіць шляхам галасавання ў парламенце ці ў спецыяльнай калегіі выбаршчыкаў (у тым выпадку, калі ніводнаму з кандыдатаў не ўдаецца падчас трох тураў набраць патрэюную большасць у дзве траціны ад канстытуцыйнага складу Рыйгікогу). Прэзідэнт абіраецца тэрмінам на пяць гадоў, адна і тая ж асоба не можа быць абрана прэзідэнтам больш чым на два тэрміны запар.
Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі размешчана ў Талінскім раёне Кадрыёрг недалёка ад Екацярынентальскага палаца з прылеглым паркавым комплексам і музея Куму. У гэтым жа будынку размяшчаецца канцылярыя Прэзідэнта Рэспублікі, якая ажыццяўляе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці главы дзяржавы.
Будынак быў збудаваны ў 1938 годзе па праекце архітэктара Алара Котлі. У часы савецкай улады ў гэтым будынку размяшчаўся Прэзідыум Вярхоўнага Савета ЭССР.