wd wp Пошук:

Пераліўніца вялікая

Пераліўніца вялікая (Apatura iris) — матыль з сямейства німфалід.

Апісанне

Матылі даволі вялікія. Размах крылаў 65-75 мм. Агульная афарбоўка крылаў цёмна-бурая, у самцоў з сіне-фіялетавым адлівам. Пярэднія крылы з белымі плямамі, на задніх — белая косая палоса і невялікае цёмнае вочка з аранжавай аблямоўкай. Ніжні бок пярэдніх крылаў шэра-буры, з буйнай плямай у аранжавай аблямоўцы, мае малюнак з белых плямаў, як і на верхнім баку.

Распаўсюджанне

Пашырэнне: Еўропа, Сібір, Далёкі Усход Расіі, Кітай, Японія; у Беларусі рэдкі па ўсёй тэрыторыі від.

Месцы пражывання: лісцевыя і мяшаныя лясы, узлескі, лясныя дарогі. У Беларусі трапляецца часцей на лясных дарогах з вялікай колькасцю луж, па старых лясных меліярацыйных каналах, балоцістых месцах, парослых вярбой.

Асаблівасці біялогіі

За год дае адно пакаленне. Матылі трапляюцца чародамі на сухіх лясных дарогах, дзе яны садзяцца на загніўшыя жывёльныя адкіды, памёт, на высокія дрэвы, але не на кветкі. Адкладваюць яйкі часцей на вярбу казіную, якой аддаюць перавагу вусені, або на іншыя віды вярбы, рэдка на асіну. Маладыя вусені бураватыя, потым становяцца зялёныя з жоўтымі палоскамі па баках і 2 сінімі вырастамі на галаве. Пасля зімоўкі акукліваюцца. Лёт матылёў у чэрвені-жніўні.

Ахова

Алігафагія на родзе вярба робіць існаванне віду залежным ад наяўнасці некранутых раслінных асацыяцый з удзелам кармавых раслін. Асушэнне парослых вербамі балот і лясных масіваў адмоўна ўплывае на экалагічныя ўмовы існавання віду.

Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Німфаліды