wd wp Пошук:

Пашырэнне файла

«Пашырэнне файла» (ад англ.: filename extension — падаўжэнне назвы файла) — частка назвы файла ў аперацыйных сістэмах, якая знаходзіцца за апошняй ад канца назвы кропкай (калі ёсць); такая частка выдзяляецца ўмоўна і асобна не існуе.

Напрыклад, у назве доўгая.назва.exe «пашырэннем» лічыцца «exe» а ў назве доўгаяназваexe «пашырэння» няма («пустое» або «нулявое» пашырэнне»). На той ці іншы змест «пашырэння» могуць указваць, запісваючы яго разам з пачатковай кропкай, у папярэднім прыкладзе — «.exe».

Такі дадатак (прыпіска) да ўласна назвы файла быў уведзены ў некаторых аперацыйных сістэмах у 1970-х гадах і пачаткова ўказваў на тып зместу файла, у некаторых выпадках — і на неабходныя метады яго апрацоўкі, напрыклад, у выпадку выканальных (загружальных) файлаў ў АС CP/M, MS-DOS, OS/2, Windows і інш.

Так, ва ўсёй лініі АС Windows назвы файлаў на ўзор <...>.com і <...>.exe (як і ў ранейшых сістэмах MS-DOS і OS/2) азначаюць файл, які можа быць пушчаны на выкананне. Назвы файлаў на ўзор <...>.bat (як і ў MS-DOS і OS/2) і <...>.cmd (як і ў OS/2) азначаюць файл праграмы на мове каманднай абалонкі, які апрацоўваецца сістэмным загрузчыкам вонкава аднолькава з бінарнымі выканальнымі файламі.

У аперацыйных сістэмах, у якіх загрузка праграм адбываецца без увагі да гэтай часткі назвы (як АС тыпу UNIX), «пашырэнне назвы» апрацоўваецца на ўзроўні карыстальніцкіх абалонак і ўжытковых праграм.

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Інфарматыка