«Партрэт каралевы Сафіі Даратэі Прускай» — карціна са збораў Нясвіжскага замка, напісаная невядомым мастаком у пачатку XVIII ст. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (інв. ЗЖ 133. НММ РБ). Памер карціны — 108 × 85 см[1].
Адлюстравана Сафія Даратэя, жонка караля Прусіі Фрыдрыха Вільгельма І. У нясвіжскіх інвентарах партрэт згаданай асобы ідэнтыфікаваць не ўдалося, верагодна ён быў запісаны, як выява невядомай асобы. Пра прыналежнасць да замкавай карціннай галерэі сведчаць некаторыя фотаздымкі пакояў, дзе партрэт Сафіі Даратэі Прускай лёгка пазнаецца, у прыватнасці Вялікай сталовай і бібліятэкі. Захаваўся фотаздымак у Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук. Пасля 1939 г. партрэт каралевы трапіў у Мінск, адкуль вывезены ў Германію ў 1944 г. Вернуты ў Мінск з Берліна ў 1947 г[1].