Палявы лунь (Circus cyaneus) — від птушак рода Луні сямейства Ястрабіныя.
Даўжыня цела 44-52 см, размах крылаў 100—120 см. Выразны палавы дымарфiзм. Падобны да стэпавага i поплаўнага лунёў, асаблiва самка. Белая пляма на надхвосці выразная i параўнальна вялiкая. Маладыя падобныя да самкi. Самец толькi праз некалькi гадоў набывае канчатковы ўбор, найбольш доўга бурыя плямы захоўваюцца на грудзях i жываце.
Аддае перавагу адкрытым прасторам — стэпу, сфагнавым балотам, зарослым прыбярэжным лугам, высечкам, мелкаводным азёрам з густой расліннасцю і верасовым пустэчам. Занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Латвіі, Польшчы, Украіны, шэрагу рэгіёнаў Расіі.