Нарві (стар.-сканд.: Narfi) — у скандынаўскай міфалогіі волат (ётун), сын Локі і Сігюн; бацька Ноты, якая з’яўляецца ўвасабленнем ночы.
Нарві згадваецца ў «Малодшай Эдзе» («Бачанне Гюльві», частка 33: «Жонку яго клічуць Сігюн, а сына іх — Нары або Нарві»[1]) як сын Локі і Сігюн[2][3]. Затым ён з’яўляецца ў 50-й частцы, зноў як «Нары або Нарві»:[4]
Локі ўжо няма чаго было спадзявацца на літасць. Асы прыйшлі з ім у адну пячору, узялі тры плоскіх каменя і паставілі на рабро, прабіўшы ў кожным па адтуліне. Потым яны захапілі сыноў Локі, Валі і Нары, або Нарві. Ператварылі асы Валі ў ваўка, і ён разарваў на шматкі Нарві, свайго брата. Тады асы ўзялі яго кішкі і прывязалі Локі да тых трох камянёў.
У празаічным пасляслоўі да «Перабранцы Локі» змяшчаецца кароткі пераказ той жа гісторыі, магчыма, узыходзячы да тэксту Сноры Стурлусана[5]. Аднак тут ужо Нарві ператвораны ў ваўка: «ён [Локі] быў звязаны кішкамі сына свайго Нары, а сын яго Нарві ператварыўся ў ваўка»[3]. Сын Локі па імі «Валі» ў гэтай версіі адсутнічае, хоць у некаторых выданнях яго не зусім карэктна згадваюць замест «Нары» для лепшага ўзгаднення з тэкстам малодшай Эдды. Дзеля Хель (дачкі Локі) вядомы кенінг «сястра ваўка [то бок Фенрыра] і Нарві»[6], а ў частцы «Мова паэзіі» Малодшай Эды сам Локі названы «бацькам Хель, Нары і Алі»[7].
У Малодшай Эдзе («Бачанне Гюльві», частка 10-я) згадваецца таксама ётун Нарві (або Нёрфі). Ён бацька дачкі па імі Нота (Nótt)[8].
Інтэрпрэтацыя гэтага міфалагічнага вобраза абцяжараная. Не зусім ясна ці з’яўляюцца «Нарві» і «Нары» адным і тым жа персанажам, і ці ёсць у іх (ці ў яго) нейкая ўзаемасувязь з ётунам, бацькам Ноты[9]. Паколькі імя Нарві згадваецца ў сувязі з Хель і Нотай, некаторыя даследчыкі схільныя бачыць у ім «дэмана смерці», а яго імя выводзяць ад старанарвежскага nár («труп»)[2].