Навуковая камунікацыя — працэсы і механізмы прасоўвання навуковых ідэй унутры навуковай супольнасці і за яе межамі (у грамадстве). Распаўсюджванне навуковых ведаў пра навакольную рэчаіснасць праз розныя каналы, сродкі, формы і інстытуты камунікацыі[1].
Вылучаюць два этапы навуковай камунікацыі: унутраны і знешні. На першапачатковым, або ўнутраным, этапе навуковай камунікацыі суб’ектамі камунікацыі выступаюць вучоныя ў рамках навуковай супольнасці. Другі этап, знешні, характарызуецца ўзаемадзеяннем навуковай супольнасці з шырокай аўдыторыяй. Знешні этап — трансляцыя навуковых ведаў у масавую свядомасць, то бок папулярызацыя навукі.