Міхаі́л Фё́даравіч Заваро́тны (14 лютага 1923, Кіеў[1] — 14 снежня 2017[2]) — савецкі і беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч, старшыня Магілёўскага прамысловага аблвыканкама (1963—1964).
У чэрвені 1941 года курсантам 1-га Кіеўскага артылерыйскага вучылішча РСЧА пайшоў на фронт. У баях пад Масквой у брыгадзе, дзе ваяваў юны камандзір гарматы Заваротны, амаль нікога не засталося з першапачатковага складу.
«Баі былі страшныя, — успамінае Міхаіл Фёдаравіч. — А яшчэ лютыя маразы. У навагоднюю ноч, напрыклад, слупок тэрмометра апусціўся да “мінус” 45 ° С. У баявым разліку я быў і за наводчыка. У рукавіцах працаваць не будзеш, — указальны палец адмарозіў так, што адна костка заставалася» — [3]
У канцы 1943 — пачатку 1944 года быў закінуты на тэрыторыю Польшчы, меў званне паручніка Арміі Людовы.
У 1950 годзе скончыў Кіеўскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці. Пачаўшы працоўную дзейнасць у Беларускай ССР, за год вырас ад зменнага майстра да галоўнага інжынера абутковай фабрыкі. Яшчэ праз два гады ён быў ужо дырэктар фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» у Віцебску, вывеў прадпрыемства з крызіснага стану.