Міхаіл Маркавіч Макарук (нар. 1 жніўня 1945,в. Мацы, Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць) — кандыдат ваенных навук, генерал-маёр авіяцыі, ваенны лётчык-інструктар I класа.
Пасля заканчэння Стрыгаўскай сярэдняй школы вырашыў паступаць у Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, але не прайшоў па конкурсе. Працаваў старшым піянерважатым у Рынкаўскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна.
У 1963—1967 гадах быў курсантам Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. З 1967 года па 1973 год — лётчык-інструктар, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі вучэбнага палка Чарнігаўскага вучылішча. У 1973—1976 гадах — слухач Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю. А. Гагарына.
З 1976 года — камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, намеснік камандзіра авіяцыйнага палка, інспектар упраўлення ваенна-вучэбных устаноў ВПС СССР. З 1978 года знаходзіўся на ваенна-дыпламатычнай рабоце. У 1978—1989 гадах ён памочнік ваеннага аташэ пры пасольствах СССР у Рэспубліцы Куба, Рэспубліцы Індыя, у 1989—1991 гадах — ваенны, ваенна-марскі і ваенна-паветраны аташэ пры пасольстве СССР у Федэрацыі Малайзія.
З 1991 года — памочнік галоўнакамандуючага ВПС, намеснік начальніка ўпраўлення ВПС Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. У 1997—2000 гадах -ваенны, ваенна-паветраны і ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі, з 2001 года — у Рэспубліцы Куба.
1 жніўня 2005 года сышоў у запас у сувязі з пенсійным узростам. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Член прэзідыума Агульнарасійскай арганізацыі «Офицеры России». Член Асацыяцыі ветэранаў Карыбскага крызісу. З 2018 года — першы віцэ-прэзідэнт Расійскага таварыства дружбы з Кубай. З’яўляецца кіраўніком Маскоўскага аддзялення Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Содружество воинов-интернационалистов «кубинцев».