У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дзямчук.
Мікала́й Мікала́евіч Дзямчу́к (нар. 28 сакавіка 1954, в. Дзеткавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, БССР) — беларускі дзяржаўны дзеяч, былы Старшыня Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь (1997-2000), доктар эканамічных навук.
Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ім.В.У. Куйбышава (1982).
Працаваў слесарам-рамонтнікам на Мінскім аўтамабільным заводзе. Пасля заканчэння інстытута працаваў у бухгалтэрыі гэтага ж завода.
У 1981-1990 — Намеснік галоўнага бухгалтара, начальнік планава-эканамічнага аддзела Мінскага станкабудаўнічага вытворчага аб’яднання імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
З 1990 — старшыня Ленінскага райвыканкама г.Мінска.
У 1991-1994 працаваў начальнікам Дзяржаўнай падатковай інспекцыі па Заводскім раёне г.Мінска.
21 кастрычнікa 1994 года прызначаны Старшынёй Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.[1]
14 студзеня 1997 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №56 прызначаны Старшынёй Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь[2].
31 сакавіка 2000 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №158 вызвалены ад пасады Старшыні Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь і прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан.[3] 18 красавіка 2008 года быў вызвалены ад пасады.[4]
15 снежня 2014 года быў прызначаны пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры статутных і іншых органах СНД.