wd wp Пошук:

Музей Філуменія

Музей Філуменія — музейная ўстанова ў гарадку Быстшыца Клодзка на паўднёвым захадзе Польшчы, які калекцыянуе этыкеткі з карабкоў ад запалак, карaбкі, буклеты (кніжкі-запалкі), запалкі і іншыя прадметы, звязаныя з гісторыяй распальваньня агню. Філуменістычны музей лічыцца выключным як у Польшчы, так і ў Эўропе. Гэта адзіная ў краіне ўстанова, якая даследуе гісторыю распальвання агню. Падобныя ўстановы месцяцца таксама ў Чэхіі, Швецыі і Вялікабрытаніі.

Апісанне

Музей размешчаны ў былым эвангелічным касцёле і будынку былой парафіяльнай школы, якія былі пабудаваныя ў 1821—1822 гадах.

Ідэя стварэння Філуменістычнага музея ўзнікла ў пачатку 1960 гадоў. Яе ініцыятарамі былі прадстаўнікі Таварыства развіцця Заходніх тэрыторыяў Польшчы, Таварыства сяброў Быстшыцкай зямлі і жыхароў горада.

Прыстасаванне будынку былой святыні адбылося дзякуючы намаганьням мясцовых дзеячаў і падтрымцы прадпрымальнікаў, у асноўным Быстшыцкага запалкавага заводу. Афіцыйнае адкрыццё ўстановы адбылося 19 ліпеня 1964 году.

Яе першым дырэктарам стала Гэлена Гэтэр — грамадзкая дзеячка, сузаснавалніца Таварыства сяброў Клодзкай Зямлі. Сваю функцыю яна выконвала да 1972 году.

На працягу больш чым 50 гадоў музей займаецца пошукам, зборам, навуковай распрацоўкай і дэманcтрацыяй прадметаў, звязаных з гісторыяй распаьваньня агню і гісторыяй рэгіёну.

Фонды

Асноўная частка калекцыі — гэта менавіта прадметы, якія выкарыстоўваліся да распальвання агню, напрыклад, крэсівы. Сярод экспанатаў можна таксама пабачыць абсалютны розныя запальнічкі, у тым ліку розных памераў. Сярод іншага — мініяцюры ў выглядзе камеры, бутэлькі, губной памады, піўной бочкі, аўтамабіля.

Прэзэнтуецца таксама багатая калекцыя этыкетак з запалкавых карабкоў, якія, дарэчы, выконвалі розныя функцыі. У тым ліку былі носбітам інфармацыі, рэклямай, прыкладам выяўленчага мастацтва; выконвалі і адукацыйную функцыю.

На пастаяннай экспазыцыі прадстаўлены этыкеткі і карабкі запалак пачынаючы з канца XIX, пачатку XX стагоддзяў і заканчваючы сучасным дызайнам. Акрамя польскіх карабкоў, можна пабачыць этыкеткі з розных краін свету, у тым ліку Беларусі, Францыі, Вялікабрытаніі, Расіі, ЗША, Індыі і Кітая. Разнароднасьць дэкаратыўных матываў — амаль неабмежаваная.

Музей дазваляе таксама пазнаёміцца з гісторыяй і помнікамі Быстшыцы Клодзкай. Тут паказаныя карціны, скульптуры, архіўныя фотаздымкі і часопісы, а таксама буйныя стэнды з багатым іканаграфічным матэрыялам. Экспазыцыю ўпрыгожвае ўнікальная сярэднявечная гарадзкая кніга, якая датуецца канцом XIV стагоддзя.

Тут можна ўбачыць адзіную ў Польшчы плаваючы мадэль карабля «Бісмарк», які з 35 тысяч запалак зрабіў таленавіты малады мадэльер Гжэгаж Тшмялеўскі. На выраб мадэлі пайшлі 3 месяцы.

З 2011 году ў музеі можна паглядзець выставу сатырычных рысункаў Анджэя Млечкі — вядомага кракаўскага сатырыка-ілюстратара. Музэй таксама праводзіць адукацыйную дзейнасць. Прапануе, між іншым, музейныя ўрокі, якія тычацца гісторыі распальвання агню, мясцовай гісторыі, тэорыі мастацтва. Установа запрашае таксама на рознага роду майстар-класы. Дарэчы, пры музіі працуе клуб аматараў мастацтва, які арганізоўвае тэматычныя лекцыі[1].

Зноскі

  1. Запрашаем у музэй запалак у Быстшыцы Клодзкай (ФОТА)
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Быстшыца Клодзка
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Музеі Ніжнесілезскага ваяводства