Маска Саргана, або галава Саргана — умоўная назва скульптурнай выявы акадскага цара, верагодна Саргана Старажытнага ці яго ўнука Нарам-Суэна. Выяўлена Максам Малаўэнам падчас раскопак храма Іштар у Ніневіі экспедыцыяй Брытанскага музея. Датуецца прыблізна XXIII—XXII стст. да н.э. Цудоўная чаканнасць, высокая якасць выканання, майстэрская прапрацоўка дэталяў ставяць яе ў шэраг лепшых узораў сусветнага мастацтва[1]. Артэфакт захоўваўся ў Багдадскім музеі, але пасля ўварвання амерыканскіх войскаў у Ірак быў выкрадзены.
Назву «галава Саргана»/«маска Саргана» скульптура атрымала пасля таго, як Малаўэн, які выявіў артэфакт, вызначыў яе як выяву Саргана Акадскага, зробленую па загадзе яго сына Маніштушу, які лічыцца заснавальнікам храма[2]. У рэчаіснасці суаднясенне гэтай выявы з заснавальнікам дынастыі Акадэ спрэчна; верагодна, што «маска» адлюстроўваеіншага вялікага цара гэтай дынастыі, Нарам-Суэна.
Полая галава ў тры чвэрці рэальнай велічыні[3] (вышыня — 36 см)[4], знойдзеная ў траншэі ў Ніневіі, не мае слядоў паяння ці іншага спосабу злучэння частак, таму яна, верагодна, была адліта цалкам. Магчыма, што для яе стварэння быў выкарыстаны спосаб ліцця па мадэлі, які быў вядомы ў Шумеры ўжо ў сярэдзіне III тысячагоддзі да н.э. Праўда бронзавыя фігуркі, якія захаваліся ад таго часу, былі галоўным чынам суцэльналітыя і мелі невялікія памеры. Мяркуючы па цудоўнай якасці адліўкі, была ўжыта не чыстая медзь, а хутчэй ліцейны медны сплаў (магчыма, і бронза) з не вельмі вялікай колькасцю дадаткаў[1]. Надпіс, па якім можна было б дакладна індытыфікаваць, чыя гэта выява, адсутнічае. Хутчэй за ўсё гэта быў адзін з акадскіх кіраўнікоў XXIII—XXII стст. да н.э[3].
Помнік адлюстроўвае акадскага кіраўніка з характэрнымі семіцкімі рысамі[5], яго высакародны сухарлявы твар абрамляюць прыгожа выкладзеныя і сабраныя ў пучок валасы і доўгая завітая барада[6], старанна прапрацаваны невялікі арліны нос, правільныя, цудоўна акрэсленыя вусны, у арбіты былі ўстаўлены вочы[5] з каштоўных камянёў[2]. У барадзе таксама старанна прапацаваны кожны з яе кароткіх і доўгіх завіткоў, гэтак жа як і перапляценне валасоў[5]. Левая вачніца бронзавай галавы пашкоджана пры выманні з яе аднаго з каштоўных камянёў[2].
У гэтым творы былі адпрэчаны шумерскія геаметрычныя формы[5], рэзкая, суровая рэалістычная сіла ў перадачы твару, якому нададзены жывыя, выразныя рысы, старанна выкананы багаты шлем, які нагадвае залаты шлем цара Мескаламдуга, смеласць і разам з тым тонкасць выканання збліжаюць гэты твор з творчасцю акадскіх майстроў, што стварылі стэлу Нарамсіна[7]. Партрэт перадае этнічны тып, абагульненае ідэалізаванае аблічча мужнага героя-пераможца, без акцэнту на індывідуальныя рысы. Калі раней выявы чалавека былі схематычнымі і ўмоўнымі, то цяпер з’яўляецца падабенства з натуральнымі прапорцыямі[4].