Марыя Барысаўна Брускіна (1924 — 26 кастрычніка 1941) — удзельніца мінскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яўрэйка, стрыечная пляменніца вядомага скульптара, Героя Сацыялістычнай Працы, Народнага мастака СССР Заіра Азгура.[1][2] 14 кастрычніка 1941 была арыштаваная салдатамі 707-й пяхотнай дывізіі вермахта і добраахвотнікамі 2-га батальёна паліцэйскай дапаможнай службы (Літва, маёр Антанас Імпулявічус) і 26 кастрычніка павешана ў Мінску, разам з двума іншымі падпольшчыкамі.
У чэрвені 1941 года М. Б. Брускіна скончыла Мінскую СШ № 28. Калі ў канцы чэрвеня ў горад увайшлі падраздзялення вермахта, у будынку Мінскага політэхнічнага інстытута яны арганізавалі лазарэт для савецкіх ваеннапалонных. Маша Брускіна па заданні падполля ўладкавалася ў гэты лазарэт, каб дапамагаць ваеннапалонным бегчы. Яна здабыла фотаапарат, за няздачу і захоўванне якога акупанты расстрэльвалі. З дапамогай фотаапарата вырабляліся дакументы для салдат і афіцэраў. Акрамя таго, Брускіна праз падпольшчыка Кірыла Труса распаўсюджвала зводкі Інфармбюро аб становішчы на франтах.
У кастрычніку 1941 года былі арганізаваны ўцёкі групы ваеннапалонных. Аднак ім не ўдалося бегчы; пры выхадзе з Мінска яны былі схопленыя паліцэйскімі. Частка групы была расстраляная, а адзін з уцекачоў выдаў на допыце М. Брускіну і яе таварышаў. Здрадніка звалі Барыс Рудзянка. Ён быў завербаваны супрацоўнікам «АНСТ-Мінск» (орган абвера) белаэмігрантам фон Якобі[3]. 16 мая 1951 года Барыс Міхайлавіч Рудзянка (1913 года нараджэння, ураджэнец пас. Товен Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, беларус) быў асуджаны за здраду Радзіме па артыкуле 63-2 КК БССР да вышэйшай меры пакарання - расстрэлу[4].
26 кастрычніка 1941 г. Маша Брускіна і яе таварышы па падполлю Кірыл Трус і Валодзя Шчарбацэвіч былі павешаныя на арцы брамы дражджавога завода ў Мінску. Пакаранне смерцю здзейснілі добраахвотнікі 2-га батальёна паліцэйскай дапаможнай службы з Літвы (маёр Антанас Імпулявічус). Усё пакаранне было заснята фатографам.
У гады акупацыі ў Мінску існавала фотамайстэрня фольксдойча Барыса Вернера, у якой немцы праяўлялі і друкавалі свае здымкі. У гэтай фатаграфіі з чэрвеня 1941 па 1944 год працаваў Аляксей Сяргеевіч Казлоўскі. Прыблізна ў лістападзе 1941 года ў яго рукі патрапіла для апрацоўкі стужка, на якой было заснята пакаранне. Ён зрабіў адбіткі для гаспадара і, акрамя таго, дублікаты здымкаў, якія схаваў у падвале ў бляшанцы з-пад авіяцыйнай рулоннай плёнкі. За гады акупацыі Мінска яму ўдалося сабраць 287 фатаграфій. Усе гэтыя здымкі былі перададзеныя А. С. Казлоўскім органам савецкай улады пасля вызвалення Мінска.