У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Мірны. Максім (Макс) Мікалаевіч Мірны (6 ліпеня 1977, Мінск) — беларускі тэнісіст, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2001). Экс-першая ракетка свету ў мужчынскім парным разрадзе, дзесяціразовы пераможца турніраў Вялікага шлема ў парным мужчынскім (6) і змяшаным (4) разрадах, шматгадовы ігрок і лідар зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса. Алімпійскі чэмпіён Летніх Алімпійскіх гульняў у Лондане 2012 года ў змяшаным парным разрадзе разам з Вікторыяй Азаранка.
29 лістапада 2018 года аб’явіў, што завяршае спартыўную кар’еру[3].
У 2003—2004 гадах Максім Мірны быў паслом добрай волі ААН па ВІЧ/СНІДзе ў Беларусі.
Мірны жанаты з 2004 года. Разам з жонкай Ксеніяй выхоўваюць чатырох дзяцей: дачок Мелані (16.12.2004), Петру (8.03.2007) і сыноў Дзяміда (10.11.2009), Трафіма (2.08.2014).
У 2008 годзе Мірны скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «міжнароднае права».
У 2013 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусціла паштовыя маркі з выявамі найлепшых беларускіх тэнісістаў — Вікторыі Азаранка і Максіма Мірнага.
Прафесійную кар’еру Максім Мірны пачаў у 1996 годзе. Выступленні ў адзіночным разрадзе ў цыкле ATP World Tour прынеслі яму перамогу ў Ротэрдаме (2003 год). Тады ў фінале Мірны перамог Рамона Слёйтэра з лікам 7:6(3), 6:4. Таксама Мірны тройчы гуляў у фіналах турніраў ATP World Tour: у 2001 годзе ў Штутгарце (саступіў немцу Томі Хаосу з лікам 6:2 6:2 6:2), у 2005 годзе ў Мемфісе (прайграў датчаніну Кенату Карлсану ва ўпартай барацьбе 7:5 7:5) і Нотынгеме (саступіў французу Рышару Гаске з лікам 6:2 6:3). Найлепшы вынік беларускага тэнісіста ў адзіночным разрадзе на турнірах Вялікага Шлема — чвэрцьфінал Адкрытага чэмпіянату ЗША 2002 года.
Найбольш эфектыўным іграком Мірны стаў у парных разрадах — мужчынскім і змяшаным. У мужчынскім парным разрадзе ў актыве Максіма — фіналы 41 турніру, а таксама перамогі на 48 турнірах цыклу ATP World Tour, у тым ліку на 16-ці турнірах серыі Мастэрс, 1-ым Кубку Мастэрс (2006, у пары з Ёнасам Б’ёркманам) і 1-ым Фінале Сусветнага Туру АТП (2011, у пары з Даніэлем Нестарам).
Двойчы — у 2000 (з аўстралійцам Лейтанам Хьюітам) i 2002 (з індыйцам Махешам Бхупаці) гадах — беларускі тэнісіст святкаваў перамогу на кортах Адкрытага чэмпіянату ЗША. Чатыры разы — у 2005 і 2006 гадах (са шведам Ёнасам Б’ёркманам), 2011 i 2012 гадах (з канадцам Даніэлем Нестарам) — Мірны стаў трыўмфатарам Адкрытага чэмпіянату Францыі.
У 2003 годзе ў пары з Махешам Бхупаці Мірны стаў фіналістам Уімблдану, а ў пары з Ёнасам Б’ёркманам у 2005 і 2006 гадах даходзіў да фінальнай стадыі Адкрытага чэмпіянату ЗША, а ў 2007 годзе — Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.
Чатыры разы Мірны адбіраўся на фінальны турнір Сусветнага Тура АТП, у якім удзельнічаюць восем найлепшых пар сезону. Двойчы — у 2006 і 2011 гадах — Максім Мірны стаў пераможцам гэтага турніру, у 2009 і 2010 гадах быў яго фіналістам.
18 лютага 2018 Максім Мірны правёў свой 100-ы фінальны матч у кар’еры, выйграўшы разам з аўстрыйскім тэнісістам Філіпам Освальдам парны турнір у Нью-Ёрку. Для 40-гадовага Максіма Мірнага гэта была 51-я перамога ў парных разрадах на турнірах пад эгідай АТР[4].
Удала развівалася і кар’ера ў змяшаным парным разрадзе: Мірны выйграў чатыры турніры Вялікага шлема. У 1998 годзе ў пары з амерыканкаю Сярэнай Уільямс атрымалася здабыць галоўны трафей Уімблдану і Адкрытага чэмпіянату ЗША. У 2007 годзе Максім Мірны зноў святкаваў перамогу на кортах US Open — тым разам у таварыстве Вікторыі Азаранка. Чацвёрты тытул — таксама на амерыканскіх кортах — быў здабыты ў 2013 годзе ў пары з чэшкаю Андрэа Главачкавай. Тройчы — у 1999, 2000 і 2007 гадах — Мірны быў фіналістам турніраў Вялікага Шлема: адпаведна з амерыканкаю Сярэнай Уільямс (Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі), расіянкай Ганнай Курнікавай (Адкрыты чэмпіянат ЗША) і беларускай Вікторыяй Азаранка (Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі). У 2012 годзе беларускі тэнісны тандэм Мірны-Азаранка здабыў золата Алімпійскіх гульняў у змяшаным парным разрадзе.
Максім Мірны з’яўляецца рэкардсменам па колькасці матчаў, што ён згуляў у Кубку Дэвіса. У 2003 годзе, дзякуючы перамогам Максіма, каманда Беларусі трапіла ў Сусветную — найвышэйшую — групу ў Кубку Дэвіса. Асабліва ўдалым выдаўся 2004 год, калі разам з яшчэ адным вядомым беларускім тэнісістам — Уладзімірам Ваўчковым — Мірны вывеў зборную ў паўфінал спаборніцтваў. Тады Беларусь перамагла каманды Расіі (3:2) і Аргенціны (5:0), але ў паўфінале саступіла зборнай ЗША.
Свае перамогі Мірны атрымаў з 15 рознымі партнёрамі. Найбольш паспяховым было супрацоўніцтва са шведам Ёнасам Б’ёркманам (11 перамог) і індыйцам Махешам Бхупаці (8 перамог).
![]() |
Максім Мікалаевіч Мірны ў Вікіцытатніку |
---|---|
![]() |
Максім Мікалаевіч Мірны на Вікісховішчы |
Афіцыйны сайт Архівавана 3 жніўня 2020. (англ.) (руск.)
Профіль на сайце ATP тура (англ.)
Профіль на сайце Кубка Дэвіса (англ.)