Не блытаць з лініяй Гіндэнбурга Першай сусветнай вайны, таксама часта званай лініяй Зігфрыда.
Заходні вал або Заходняя сцяна (ням.: Westwall), сярод праціўнікаў Германіі таксама вядомы як «Лінія Зігфрыда» (ням.: Siegfriedstellung) — сістэма нямецкіх доўгачасовых умацаванняў, збудаваных у 1936—1940 гадах на захадзе Германіі, у прыгранічнай паласе ад Клевэ да Базеля — нямецкая лінія абароны на сушы. Працягласць каля 630 км, сярэдняя глыбіня 35—100 км. Складалася з палос забеспячэння, галоўнай і тылавой, мела каля 16 тыс. фартыфікацыйных збудаванняў. Пры праектаванні таксама планавалася стварэнне суцэльнай зоны ППА, якая б складалася з 60 зенітных батарэй.
3 верасня 1939 года Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі вайну Германіі. Аднак аж да 10 мая 1940 г. якіх-небудзь істотных ваенных дзеянняў на Заходнім фронце не вялося, з прычыны чаго гэты час атрымаў назву «Дзіўнай вайны». Абодва праціўніка заставаліся пад абаронай сваіх умацаванняў, а сапраўдныя баі разгарнуліся на поўначы і захадзе. Пасля завяршэння кампаніі ў Францыі абсталяванне са збудаванняў Заходняга вала было знята і выкарыстана ў іншых месцах. Бетонныя ўмацаванні, процітанкавыя і проціпяхотныя лініі досыць хутка зараслі і перасталі выконваць ускладзеную на іх задачу. Пабудовы і падземныя збудаванні сталі выкарыстоўвацца як складскія памяшканні і ў сельскагаспадарчых мэтах. Іншае абсталяванне, такое як ложкі з казармаў і бункераў былі перададзены нядаўна створаным грамадзянскім бамбасховішчам. Гэтыя ложкі насельніцтвам з-за іх паходжання часта зваліся «ложкамі заходняй сцяны».
Пасля высадкі саюзнікаў у Нармандыі, на Захадзе вайна зноў пачалася ў поўную сілу. 24 жніўня 1944 Адольф Гітлер запатрабаваў правесці ўмацаванне Заходняй сцяны. На гэту працу было перакінута 20 тысяч чалавек з Імперскай працоўнай службы і паднявольных рабочых, да яе прыцягваліся і мясцовыя жыхары. Апроч аднаўлення старой лініі ўмацаванняў, быў таксама збудаваны і шэраг новых абарончых збудаванняў, якія прадстаўляюць сабой перш за ўсё лёгкія і часовыя ўмацаванні. Правядзенню прац у поўнай меры перашкаджала авіяцыя саюзнікаў, якая мела ў той час поўнае панаванне ў паветры. На працягу верасня 1944 — сакавіка 1945 умацаванні былі пераадолены войскамі саюзнікаў.
Пасля вайны наземныя збудаванні былі амаль цалкам разбураны, падземныя часткова выкарыстоўваюцца войскамі НАТА.