Лібаўскі гарадок — колішняя мясцовасць у Гомелі, частка гістарычнага раёна Залінія. Узнік пасля эвакуацыі ў Гомель у 1915 г. Лібаўскіх майстэрняў з людзьмі і абсталяваннем. Уяўляў сабой забудову барачнага кшталту. Пачынаўся, па розных звестках, з шасці ці чатырнаццаці баракаў[1][2]. Знаходзіўся на паўночным захадзе вуліц Нямецкай і Радзькінскай (Чычэрына)[3]. Пазначаны пад сваёй назвай на плане Гомеля 1930-х гг.[3]
Станам на 1926 г. агульная колькасць забудаваных уладанняў складала 52. З 47 наяўных жылых памяшканняў усе значыліся занятымі. Уся забудова ўлічвалася як узведзеная з 1917 г. Тут пражывала 203 чалавекі (90 мужчын і 113 жанчын), пераважную большасць з якіх складалі беларусы (168). Паводле сацыяльнага становішча галовы сем’яў адносіліся да рабочых (33) і службоўцаў (20). Пэўная частка жыхароў трымала свойскую жывёлу: 2 каровы, 10 свінняў, 11 козаў ці авечак. Вадаправоднае забеспячэнне адсутнічала[4].